Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 плюсаў і 7 мінусаў «Славянскага базару» для віцяблянаў


Сёлетні фэстываль — ужо 27-мы. За столькі год стаўленьне да «Славянскага базару» ў жыхароў Віцебску ўжо не аднойчы памянялася — у залежнасьці ад зьменаў, якія фэст перажывае ці не кожнага разу. Якія «плюсы» і «мінусы» гараджане адзначаюць сёлета?

Плюсы «Славянскага базару»

1. Разнастайная праграма: у яе дадаліся «Тэатральныя сустрэчы», цыкль выступаў лялечных тэатраў «Лялечны квартал», кінапрагляды і музэйныя экспазыцыі, адмыслова прымеркаваныя да фэстывалю. Цяпер прыхільнікі розных жанраў мастацтва маюць болей шанцаў знайсьці для сябе нешта цікавае.

2. Падчас фэстывалю праходзіць шмат бясплатных мастацкіх імпрэзаў, і трапіць на канцэрт можна ня толькі ў Летнім амфітэатры — дастаткова прайсьціся па цэнтральных вуліцах. У дні «Славянскага базару» у горадзе праходзіць фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», падчас якога выступоўцы з усяе Беларусі граюць і танчаць на вуліцах Віцебску.

3. Самадзейныя артысты-пачаткоўцы маюць шанец прадэманстраваць сваё майстэрства шырокай публіцы. Незразумела толькі, чаму сьпяваць і танчыць ім забараняецца ў астатні час, але гэта ўжо пытаньне да гарадзкіх уладаў.

4. У фэстывальныя дні Віцебск зарабляе грошы. Прыбытак маюць рэстарацыі і кавярні, дзе харчуюцца прыежджыя госьці і ўдзельнікі, а іх сёлета — 5 тысячаў. Занятыя ўсе гатэлі, і ня толькі ў Віцебску, а таксама ў Полацку і Воршы. Кошты на арэнду кватэр падчас «Славянскага базару» падымаюцца ўтрая: «аднапакаёўка» на суткі каштуе ад 150 даляраў, але прыежджыя, пераважна з Расеі, гатовыя плаціць вялікія грошы, каб прыехаць на «Славянскі базар».

5. На фэстывалі заўжды арганізуюць гандаль прамысловымі таварамі, і ў Віцебск прывозяць сваю прадукцыю вытворцы з усяе Беларусі. Таму гараджане і госьці Віцебска маюць магчымасьць набыць нешта з істотнымі зьніжкамі.

6. Сёлета ў продажы як ніколі шмат тавараў з нацыянальнай сымболікай. Для Віцебску, у адрозьненьне ад Менску, гэта ўсё яшчэ нязвыкла. Ужо ня першы год, як на «Славянскім базары» гандлююць украінскімі вышыванкамі, літоўскімі сувэнірамі і ласункамі — і ўсё гэта выклікае вялікі інтарэс віцяблянаў, якія найчасьцей назіраюць праявы расейскай культурнай традыцыі.

7. Тыя, хто ня любіць канцэртаў або ня мае грошай на вялікія набыткі, здавальняюцца шпацырамі па фэстывальным цэнтры. Гэта таксама забава: пабываць у незвычайнай атмасфэры, калі панавокал усё гамоніць і стракаціць рознымі колерамі.

Мінусы «Славянскага базару»

1. Аматары канцэртаў незадаволеныя аднастайнасьцю канцэртных праграмаў: імёны ў афішах паўтараюцца з году ў год, і на 90% гэта расейскія выканаўцы. Прычым нават «зоркі» і вядомыя калектывы не зьбіраюць поўныя залі: на канцэрце «Хору Турэцкага» траціна месцаў была пустая, не было аншлягу на выступах Мікалая Баскава ды Ірыны Алегравай.

2. Год ад году даражэюць квіткі, хаця Віцебшчына — адзін з найбяднейшых рэгіёнаў Беларусі. Сёлета самыя дарагія каштавалі па 210 рублёў, шмат для каго гэта больш за палову месячнага заробку. Ад наведаньня канцэртаў вымушаны адмовіцца многія аматары — нават тыя, хто адкладаў грошы на «Славянскі базар» цягам усяго году. Таму большасьць слухачоў — гэта або прыежджыя з бліжэйшых расейскіх абласьцей (Смаленшчыны ды Пскоўшчыны), або тыя, для каго квіткі выкупіла прадпрыемства (пракладам, такое практыкуецца на УП «Віцебскаблгаз»).

3. І віцяблянаў, і гасьцей фэстывалю раздражняе надзвычайная колькасьць міліцыянтаў на вуліцах: супрацоўнікаў міліцыі выклікалі для патруляваньня з усяе Беларусі, і ўзброеныя патрулі сустракаюцца праз кожныя 200 мэтраў. Празьмерныя захады бясьпекі, на думку віцяблянаў, ажыцьцяўляюцца ў раёне Летняга амфітэатру: па пэрымэтры галоўнай сцэнічнай пляцоўкі абсталявана 12 кантрольна-прапускных пунктаў, а каб патрапіць у саму глядзельную залю, трэба прайсьці асабісты дагляд тройчы. У дзень адкрыцьця «Славянскага базару» за дзьве гадзіны да прыезду Аляксандра Лукашэнкі, каля Летняга амфітэатру ўвогуле было забаронена спыняцца грамадзкаму транспарту, і людзі цярпелі дадатковыя нязручнасьці.

4. Інфраструктура гораду не спраўляецца з абслугоўваньнем вялікай колькасьці прыежджых. У Віцебску бракуе не толькі гатэляў, і грамадзкага транспарту, але нават такіх неабходных рэчаў, як вулічныя прыбіральні. З улікам таго, што вулічныя кавярні займаюць цэлыя кварталы і плошчы, апошняе вельмі нэгатыўна адбіваецца на санітарным стане гораду. Да ўсяго, у фэстывальныя дні ўсе сілы работнікаў ЖКГ кінутыя на прыборку цэнтру, «спальныя» раёны практычна не прыбіраюцца.

5. Віцяблянаў, асабліва жыхароў цэнтру, раздражняе кругласуткавы тлум і процьма нецьвярозых людзей на вуліцах. Музыка на фэстывалі гучыць ня толькі падчас канцэртаў, але і ў кожнай вулічнай кавярні. Арганізатары мяркуюць, што такім чынам яны ствараюць «сьвяточны настрой».

6. Традыцыйны рамесьніцкі «Горад майстроў» саступіў месца шырспажыву кітайскай вытворчасьці. Жыхары Віцебску расчараваныя тым, што месцы на адмысловым «Задзьвінскім кірмашы» занятыя гандлем цацкамі, адзеньнем, харчовымі таварамі, а не рамесьніцкімі вырабамі, якія раней так вабілі пакупнікоў.

7. Віцябляне задаволеныя, што кожны год у цэнтры гораду робіцца рамонт, і горад стварае добрае ўражаньне. Але людзям не падабаецца, што часьцяком сродкі выдаткоўваюцца на неабавязковыя рэчы, кшталту перакладаньня леташняй пліткі на ходніках. Сёлетняй «фішкай» стаўся сьветладыёдны пешаходны пераход на плошчы Свабоды. Адзін з чатырох пераходаў абсталявалі сьветладыёднымі пліткамі, уклаўшы іх у два шэрагі па 4 мэтры. У цемры пліткі сьвецяцца зялёным і чырвоным, сынхронна з сыгналам сьветафору. Каштавала гэта гораду 41 тысячу рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG