Стылізаваныя партрэты кіраўнікоў Расеі і ЗША прывёз у Віцебск менскі мастак Анатоль Вялічка.
Ён расказаў Свабодзе, што намаляваў іх адмыслова да «Славянскага базару». Прадаць іх пакуль не ўдалося: людзі падыходзяць паглядзець, але ніхто не купляе.
Карціна, на якой Уладзімер Пуцін скача верхам на мядзьведзі, — увасабленьне на палатне распаўсюджанага ў інтэрнэце каляжу паводле вядомага твору Івана Шышкіна «Раніца ў сасновым лесе». Анатоль Вялічка гатовы прадаць сваю працу за 150 рублёў.
Партрэт Дональда Трампа, выкананы ў манэры шаржу і меншы па памеры, мастак ацаніў у 50 рублёў. Паводле ягонай ідэі, прэзыдэнт ЗША апрануты ў расейскую вайсковую форму.