Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці не нашкодзіў буйны музычны фэст менскаму Батанічнаму саду? Вэрсіі адміністрацыі і эколягаў


У мінулыя выходныя ў сталічным Батанічным садзе адбыўся вялікі музычны фэст «Stereo Weekend з Новым Радыё». Аматары музыкі фэст ацанілі за добрую праграму і арганізацыю, адсутнасьць чэргаў, вялікую прастору, ветлівую ахову. А «зялёныя», эколягі — скрытыкавалі: маўляў, Батанічны сад — гэта навуковая, дасьледчая лябараторыя Нацыянальнай акадэміі навук, да таго ж музыка напалохала птушак, газоны і лужкі вытапталі.

Свабода прадстаўляе меркаваньні двух бакоў — кіраўніцтва Батанічнага саду і эколягаў.

Фэстываль «Stereo Weekend з Новым Радыё», дзе выступалі Іван Дорн, Манацік, GusGus, ATL, гурт «Брава», выклікаў бурную дыскусію ў сацыяльных сетках. Некаторыя былі незадаволеныя: Батанічны сад — ня месца для правядзеньня такіх фэстаў.

Журналістка Тацяна Заміроўская, якая жыве ў ЗША, піша: «Падаецца, што я адзіная, каго давялі да сьлёз фатаграфіі з фэстывалю „СтэрэаЛета ў Батанічным“ (так у аўтаркі. — РС): тры сцэны, музыка лета, шчасьце, уварваньне, гвалт... Але там жа таксама экасыстэма».

93 гектары Батанічнага сада не выкарыстоўваліся цалкам, амаль палова тэрыторыі была адгароджаная чырвона-белым скотчам: клюмбы, грады, рэдкія расьліны, дэндралягічная калекцыя. Аднак хапіла месца і для трох сцэнаў, чатырох фудкортаў, забаўляльных зон. Былі дзіцячая пляцоўка, маркет, чылаўты, шматлікія піўныя споты. Біяпрыбіральняў паставілі больш за чатыры дзясяткі.

Адміністрацыя Батанічнага саду: «Усё было вельмі культурна»

Намесьнік дырэктара Цэнтральнага батанічнага саду Іван Валадзько сказаў Свабодзе, што ніякай шкоды тэрыторыі ўдзельнікі і госьці фэсту не нанесьлі.

«Усё было вельмі культурна, прыстойна. З такімі арганізатарамі вельмі прыемна працаваць. Зоны, дзе ў нас рэдкія расьліны, дэндралягічная калекцыя, былі агароджаныя, сажалка зь лебедзямі таксама, так што ўсё ў парадку. Газоны, траву вытаптаць не пасьпелі.

Магчыма, была незадаволенасьць жыхароў навакольных дамоў, што позна ўвечары музыка.

Я ня думаю, што гучная музыка моцна напалохала птушак. А каб шматлікіх варон, якіх тут разьвялося зашмат, напалохала, дык мы толькі рады былі б», — пажартаваў Іван Валадзько.

Арнітоляг: Час выбралі не зусім удала

Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандар Вінчэўскі выказаў меркаваньне, што паркі і нават батанічныя сады ва ўсім сьвеце выкарыстоўваюцца для правядзеньня музычных фэстаў, вялікіх канцэртаў, іншых масавых мерапрыемстваў, аднак у гэтым выпадку час выбраны быў не зусім удала.

«Мне падаецца, на пачатку ліпеня рана такія фэстывалі праводзіць у Батанічным садзе, гэта даволі шумнае мерапрыемства для птушак. І хоць атракцыён „Супэр 8“ побач, у парку Чалюскінцаў, гучна раве яшчэ зь вясны, птушкі да яго прызвычайваюцца. Дарэчы, птушкі гнезьдзяцца нават на вайсковых палігонах, дзе грымяць гарматы.

А ў гэтым выпадку — не было, не было, а тут раптам як дало! Дарослыя птушкі могуць спалохацца і кінуць птушанят і гнёзды. Птушаняты ад холаду могуць загінуць, асабліва ўвечары ці калі пойдзе дождж. Калі актыўна пяюць птушкі, гэта азначае, што ў іх ёсьць малыя птушаняты — а цяпер тыя ж дразды шчыруюць.

А вось пры канцы ліпеня, у жніўні такія вялікія музычныя фэсты ўжо праводзіць можна. Нават у Батанічным садзе», — кажа арнітоляг з «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

Першы музычны фэст у менскім Батанічным садзе. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Салют зь пёраў. Абаронцы птушак супраць сьвяточнай кананады

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG