Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страляць ці не страляць: арнітоляг і чыноўнік пра новыя правілы паляваньня ў Беларусі


Сэзон вясновага паляваньня ў Беларусі праходзіць па новых правілах, зацьверджаных прэзыдэнцкім указам № 112 «Аб паляваньні і вядзеньні паляўнічай гаспадаркі», які падпісаны 21 сакавіка. Эколягі кажуць, што гэтыя зьмены могуць нанесьці шкоду прыродзе.

«Ці ня два месяцы можна паляваць у любыя дні»

Паводле дырэктара грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», арнітоляга Аляксандра Вінчэўскага, вяртаецца сытуацыя пяцігадовай даўнасьці, калі таксама дазвалялася двухмесячнае веснавое паляваньне. Хоць тады можна было адстрэльваць менш відаў птушак.

Аляксандар Вінчэўскі
Аляксандар Вінчэўскі

«Цяпер беларусам дазволілі страляць практычна ўсе выходныя цягам двух месяцаў, зь сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны траўня. А калі замежны грамадзянін ці беларус купляе паляўнічы тур, то практычна два месяцы можа паляваць у любыя дні», — кажа спэцыяліст.

Паводле яго, у Беларусі дазволена паляваць увесну на чатыры віды гусей і на 9 відаў самцоў качак. Але паляўнічыя вельмі дрэнна ведаюць, чым гэтыя віды адрозьніваюцца.

«Страляюць таксама самак і віды, якія зьнікаюць — напрыклад, гэта белавокі нырок ці гусь-піскулька, якіх каля сотні пар засталося ў цэлай Эўропе. Дзяржаўная статыстка вядзецца проста па гусях і качках, няма нейкага адрозьніваньня па відах».

«Можаш сто птушак застрэліць у дзень, а можаш тысячу»

Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» зьвяртае ўвагу і на тое, што няма мэханізму рэгуляваньня колькасьці застрэленых птушак.

«Ты можаш сто птушак застрэліць за дзень увесну, а можаш тысячу. І гэта ў той час, калі птушкі размнажаюцца. Практычна да канца красавіка ў паловы качак яйкі ёсьць, у некаторых ужо птушаняты зьяўляюцца. У шэрых гусей ужо напрыканцы красавіка вылупліваюцца гусяняты. А па нашым законе можна нават гэтых гусянят страляць», — кажа Аляксандар Вінчэўскі.

Паводле яго, у качак можна страляць толькі самцоў (але паляўнічыя таксама памыляюцца), а ў гусей — і самцоў, і самак, «хоць вядома, што пары ў гусей утвараюцца на ўсё жыцьцё».

Веснавое паляваньне часткова дазволенае толькі ў Расеі і на Мальце

Экспэрт кажа, што веснавое паляваньне дазволенае толькі ў Расеі, але абмежаванае дзесяцьцю днямі. Таксама на Мальце яно ўведзена на адзін від: увесну можна страляць перапёлку. Эўразьвяз з гэтай краінай судзіцца.

Аляксандар Вінчэўскі зьвяртае ўвагу і на тое, што ў Беларусі дазволена ўжываць электронныя вабікі, якія забароненыя ў Эўропе. Яны эфэктыўна прывабліваюць птушак і дазваляюць больш забіць. Таксама дазваляецца страляць з паўаўтаматычных стрэльбаў і паляваць на гусей і качак у маскіровачным строі.

«Некаторыя паляўнічыя кажуць, што такіх дрэнных правілаў для прыроды яшчэ не было ў Беларусі», — падсумоўвае Аляксандар Вінчэўскі.

«​Калі птушак страляць увесну, то іх больш ня стане»​

Прадстаўляючы новы ўказ, першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Аляксандар Кулік сказаў журналістам, што «новыя правілы больш лібэральныя і спрошчаныя». Як ставіцца да такога лібэралізму Аляксандар Вінчэўскі?

«Ганарыцца тым, што забіваньню прыроды мы даем больш свабоды, думаю, ня варта. Я нават шукаў у даведніках, што азначае „лібэралізм“. Там гаворыцца пра палітычныя і эканамічныя свабоды. А пра паляўнічыя свабоды там нічога няма. Яны тлумачаць гэта эканомікай — маўляў, замежныя паляўнічыя выратуюць беларускую эканоміку».

Аляксандар Вінчэўскі
Аляксандар Вінчэўскі

Кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» заўважае, што цяпер нават колькасьць звычайных відаў качак, такіх як крыжанка, зьніжаецца па ўсёй Эўропе і ў Беларусі.

«Дакладна ўсе чыньнікі гэтага працэсу невядомыя. Але веснавое паляваньне, безумоўна, адзін зь іх. Гэта зразумела ўсім, апроч паляўнічых і Міністэрства лясной гаспадаркі», — кажа ён.

Арнітоляг адзначае: сярод «паляўнічых» птушак ёсьць чырвонагаловы нырок, колькасьць якога катастрафічна зьніжаецца.

«Мы пісалі ў Акадэмію навук, і яны падтрымалі нас, што ўвесну трэба забараніць паляваньне на гэты від. Але Мінлясгас не падтрымаў гэтыя абмежаваньні, і гэты від застаўся сярод паляўнічых увесну, — кажа Аляксандар Вінчэўскі. — Калі вы пасьля сэзону паляваньня прыедзеце ў Нацыянальны парк „Прыпяцкі“, там качак ня знойдзеце. Хоць пасьля паляваньня ў траўні там усё павінна ажно кішэць».

«Фактар паляваньня не зьяўляецца вырашальным»

Начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Сяргей Шастакоў не падзяляе заклапочанасьць эколягаў і арнітолягаў — маўляў, улічана думка «карыстальнікаў паляўнічых угодзьдзяў і навукоўцаў».

«На дадзены момант праводзіцца заключны этап навуковай працы адносна фактараў, якія ўплываюць на колькасьць жывёл і птушак. Таму тут усё прынята ўзважана і правільна. Мы ня кажам, што мы тут прадаём, перапрадаём невядома што. Тэрмін вясеньняга паляваньня быў 28 каляндарных дзён — і цяпер тыя ж 28 дзён. А тое, што недзе будуць выключэньні паводле заключаных дамоваў, гэта ня вельмі важна», — кажа чыноўнік.

На яго думку, на скарачэньне папуляцыі пралётнай дзічыны найперш уплывае не паляваньне, а прыродна-кліматычныя фактары.

«Мы прааналізавалі, колькі адстрэльвалі па краіне — каля 24 тысяч. Гэта такі мізэр. А на Захадзе мільёнамі страляюць гэтую дзічыну».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле Сяргея Шастакова, навукоўцы выявілі асноўныя міграцыйныя шляхі пралёту дзічыны па тэрыторыі Беларусі.

«Стратэгічныя тэрыторыі, дзе гусь адпачывае на пралётах, у нас пад забаронай. Гэта каля трыццаці ўчасткаў на нашай тэрыторыі», — кажа ён.

Прадстаўнік Міністэрства лясной гаспадаркі тлумачыць, што на качак ці гусей у Беларусі не ўстаноўленыя нормы паляваньня, бо «яны ў нас не зьяўляюцца нармаванымі відамі паляўнічых жывёл».

«Ну няхай вам 10 гусей дазволена. Вы іх здабываеце, прывозіце дахаты — і заўтра зноў прыяжджаеце на паляваньне і зноў здабываеце. Які можа быць кантроль? І ў чым сутнасьць квотаў? Таму гэтую норму і ня ўводзілі», — кажа Сяргей Шастакоў.

Мы не глядзім на суседзяў, а адказваем за сваё

​На пытаньне, чаму веснавое паляваньне забаронена практычна ва ўсіх эўрапейскіх краінах і нават у Расеі абмежавана, чыноўнік заўважае, што «мы не глядзім на суседзяў, а адказваем за сваё, падыходзім выбарачна».

«Фактар паляваньня не зьяўляецца вырашальным у вызначэньні колькасьці пралётных відаў. Да таго ж мы ня можам іх падлічыць, бо гэта дзічына ня наша, а пралётная. Наша толькі шэрая гусь, якая ў нас гнязьдзіцца».

У Беларусі дазваляюць паляваць з капканамі
У Беларусі дазваляюць паляваць з капканамі

Паводле Шастакова, доля даходаў ад замежнага паляўнічага турызму цяпер складае каля 40% ад усіх даходаў, атрыманых ад вядзеньня паляўнічай гаспадаркі.

Па дадзеных Міністэрства лясной гаспадаркі, паляўнічых у Беларусі каля 120 тысяч.

Што новага ў правілах паляваньня?

  • Спрашчаецца працэдура атрыманьня паляўнічых угодзьдзяў (дастаткова толькі заявы, не патрэбная акрэдытацыя, тэрмін арэнды павялічваецца з 10 гадоў да 20);
  • падчас веснавога паляваньня на адну гадзіну скарачаецца тэрмін забароны паляваньня (раней з 11-й гадзіны да 18-й, цяпер з 12-й);
  • у паляўнічых гаспадарках можна будзе браць стрэльбу ў арэнду (гэта асабліва прывабна для замежнікаў, якія прылятаюць у Беларусь у рамках бязьвізавага рэжыму);
  • скарачаецца колькасьць кантралёраў за вядзеньнем паляўнічых гаспадарак і паляваньня (застаецца толькі Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету);
  • пуцёўку для паляваньня можна будзе набываць праз інтэрнэт (гэтая норма ўступае ў дзеяньне не пазьней за 1 студзеня 2019 году);
  • прадугледжваюцца бясплатныя пуцёўкі на паляваньне для тых, хто добраахвотна папрацуе ў лясных угодзьдзях (будзе чысьціць лес, усталёўваць гняздоўі, падкормліваць жывёлу).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG