У Расеі ў судзе расейскі афіцэр Алег Лявонцьеў заявіў, што ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі суседняй краіны, дзе расейскіх вайскоўцаў «нібыта не было», і, як паведамляюць расейскія СМІ, магчыма, гаворка ідзе пра Ўкраіну. Ён не назваў месца дакладна.
У ходзе пасяджэньня Лявонцьеў, які абвінавачваецца ў датычнасьці да гібелі салдата тэрміновай службы, папрасіў суд вынесьці «станоўчае рашэньне», каб працягнуць службу і адправіцца ў Сырыю.
«Гэта дазволіць прынесьці нейкую карысьць дзяржаве. Я ўжо ўдзельнічаў у адным з такіх мерапрыемстваў, але, адзінае, гэта было на тэрыторыі сумежнай краіны, на якой нас нібы не было», — працытаваў у сераду, 4 ліпеня, словы Лявонцьева фонд «Права маці», які прадстаўляе інтарэсы сям’і загінулага.
У фондзе адзначаюць, што гэта, верагодна, першая афіцыйная заява расейскага вайскоўца пра такі ўдзел у баявых дзеяньнях; расейскія СМІ, якія цытуюць заяву фонду, робяць уласную выснову, што гаворка ідзе пра ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі менавіта Ўкраіны.
Пацьверджаньняў гэтых слоў зь іншых крыніц пакуль няма, усе СМІ спасылаюцца на заяву згаданага расейскага фонду.
З 2014 году, пасьля расейскай анэксіі Крыму, на частцы Данбасу працягваецца ўзброены канфлікт, выкліканы гібрыднай агрэсіяй Расеі. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы баевікоў — і узбраеньнямі, і жывой сілай. Спачатку Масква цалкам адпрэчвала заявы пра тое, што расейскія грамадзяне ўдзельнічаюць у канфлікце на Данбасе, пасьля заявіла, што там могуць знаходзіцца толькі расейскія «добраахвотнікі», якія не належаць да Ўзброеных сіл і іншых сілавых фармаваньняў Расеі. Пра затрыманых на лініі фронту на ўсходзе Ўкраіны расейскіх вайскоўцаў у Маскве сьцьвярджалі, што тыя звольніліся з войска якраз перад паездкай на Данбас.
Па зьвестках ААН, за час канфлікту ў рэгіёне загінула больш за 10 тысяч чалавек.