2 ліпеня на пасяджэньні Групы эўрапейскіх рэгулятараў у сфэры ядзернай бясьпекі будзе разгледжаная справаздача аб выніках праверкі вынікаў стрэс-тэстаў Беларускай АЭС.
Стрэс-тэсты былі праведзеныя ў дачыненьні да атамных электрастанцыяў у краінах Эўразьвязу, Украіне і Швэйцарыі пасьля аварыі на АЭС «Фукусіма», каб ацаніць, як існуючыя АЭС могуць вытрымліваць экстрэмальныя зьнешнія падзеі.
Пазьней стрэс-тэсты былі праведзеныя ў Армэніі, а цяпер праводзяцца для будучай Беларускай АЭС у Астраўцы. Мэта стрэс-тэстаў — даць нацыянальным рэгулятарам у сфэры ядзернай бясьпекі каштоўныя практычныя, тэхнічныя рэкамэндацыі, накіраваныя на далейшае павышэньне ўзроўню ядзернай бясьпекі, паведамляецца на сайце МНС.
Стрэс-тэсты БелАЭС рабіліся ў 2016 годзе. Ацэньваліся імаверныя ўплывы на станцыю землятрусаў, затапленьняў ды іншых экстрэмальных умоваў.
Пасьля зацьвярджэньня справаздачы Эўракамісія плянуе прадставіць вынікі стрэс-тэстаў 3 ліпеня ў Брусэлі.