Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі сэзон чакаюць як бога». Як палешукі выжываюць на чарніцах і лісічках


Чарнічны сэзон доўжыцца не больш за месяц. Для вяскоўцаў-палешукоў гэты час — адзіная за год магчымасьць добра зарабіць.

«Людзі сэзон чакаюць як Бога», — кажа прыёмшчыца ягад і грыбоў Людміла Зіміна.

Дарослыя ідуць у лес, каб зарабіць на хлеб, вярнуць пазыкі, набыць дровы на зіму. Моладзь «мяняе» чарніцы на смартфоны. Дзеці — на адзежу і ровары, дапамагаюць бацькам. За дзень на ягадах можна зарабіць ад 20 да 80 рублёў.

«100 рублёў зарабляюць часам за месяц даяркі. Таму ў гэты час усе ў лесе», — кажуць вяскоўцы.

Чэмпіён па збору ягад зарабіў аднойчы за дзень 150 рублёў. Свабода назірала за зборам і прыёмкай чарніц у вёсцы Пціч Петрыкаўскага раёну.

Здаваць ягады — не дадатковы заробак, а асноўны

Ягады на шляху ад лесу да заводзкай маразілкі ці цэху па вытворчасьці варэньня праходзяць мінімум праз пяць рук. «Харчовы ланцужок» выглядае так: зборшчыкі — прыёмшчыкі — скупшчыкі — прадпрымальнікі — завод ці на экспарт.

Толькі на адной вуліцы ў Пцічы — пяць ягадна-грыбных «кропак». Людміла Зіміна прымае ягады ў аднавяскоўцаў каля дваццаці гадоў . Чарніцы ў яе забірае скупшчык з Любані. З аднаго кіляграму ягад жанчына мае 20 капеек. Яе пэнсія — каля 200 рублёў.

Людміла Зіміна
Людміла Зіміна

У гэты сэзон Людміла працуе на ягадах, каб набыць сабе дровы на зіму. Часам і сама, і дарослы сын ходзяць па ягады. Інакш не выжыць. Працы з добрым заробкам у Пцічы няма. Многія мужчыны езьдзяць на Маскву.

«У людзей безнадзейнасьць — няма працы. Бедныя... Не ведаюць куды дзецца. У сем’яў грошы хутка расходзяцца. Трэба хлеб купіць, за камунальныя аддаць грошы, за крэдыты, дзяцей у школу сабраць. Зьбіраць і здаваць ягады — не дадатковы заробак, а бадай асноўны», — кажа прыёмшчыца.

Сёлета ягад у лесе няшмат. Вінаватыя засуха і масавыя высечкі з-за караедаў. За дзень вясковец зьбірае ў сярэднім 8-12 кіляграм, сямʼёй можна набраць 20-30 кіляграм. Першыя ягады прымалі па 2 рублі, найвышэйшы кошт быў 4.30, зараз бяруць па 3.50-3.60.

У лесе былі выскачылі лісічкі. Іх прымалі ў Пцічы па 5.50. Некаторыя здолелі за дзень па 20 кіляграм набраць. Зараз грыбоў няма праз тую ж засуху. Прайшоў дождж — але надзеі вяскоўцаў пакуль не спраўдзіліся, грыбы не пайшлі.

«Езьдзіў сёньня чалавек у лес — нідзе лісічка ня высыпала. Ня ведаю, што з нашым лесам зрабілася. Пляжаць яго, кажуць — караед напаў. А дубы, а бярозы? Там жа пасьля высечак нічога не расьце — ні ягада, ні грыб. Дрэвы сьсеклі, выкарчавалі, але не да канца — карэньне тырчыць у неба, страшна глядзець», — бядуе Людміла.

Яе аднавясковец Сяргей узімку працуе качагарам. Улетку працы няма, вымушаны карміцца з лесу. Ён не разумее, які зараз эканамічны строй у Беларусі — сацыялістычны, капіталістычны?

Сяргей зь вёскі Пціч Петрыкаўскага раёна
Сяргей зь вёскі Пціч Петрыкаўскага раёна

«І ад камунізму не выракаюцца, не могуць адарвацца, і здаецца, не капіталізм. Толькі чаму тады рака наша Прыпяць зрабілася панскай? Як можна прыроду ўзяць у арэнду, раку выкупіць і з мясцовых браць грошы за рыбалку? Дурней не бывае», — зьдзіўляецца вясковец.

​За дзень у лесе ён зьбірае няшмат — па 6 кіляграм. Зарабляе 20 рублёў. Гэта грошы на «хлеб штодзённы» і камунальныя.

Тыдзень у лесе — ровар. Месяц — канапа і «сьценка»

У Веры Домніч — шэсьць дзяцей і восем унукаў. У лес сама жанчына ня ходзіць — ня мае часу, працуе даяркай, без выходных. Дзеці дарослыя — пяць дачок і адзін сын.

Вера Домніч
Вера Домніч

Ірына, адна з дачок, жыве разам з мужам і сынам у бацькоўскім доме. Маладая сям’я марыць пра асобнае жытло, таму яна ходзіць у лес, каб назьбіраць грошай на дом. Стабільна зьбірае па два вядры чарніц. Жанчына ў дэкрэтным адпачынку, муж у калгасе зарабляе мала.

Другая дачка Валянціна жыве ў іншай вёсцы. Прыехала да бацькоў на тыдзень, каб хадзіць у ягады. За гэты час набрала чарніц на 200 рублёў — набыла свайму 4-гадоваму сыну ровар. Старэйшая дачка Веры неяк за дзень зарабіла на ягадах 78 рублёў.

Вяскоўцы распавядаюць пра мясцовага жыхара, які пабіў усе рэкорды і зарабіў за дзень 150 рублёў.

«Але вы яго ня знойдзеце, ён проста жыве ў лесе, цэлымі днямі там», — сьмяюцца жыхары Пцічы.

Алена, яшчэ адна дачка Веры, працуе ў мясцовай краме. У яе двое малых дзяцей. Праз працу няма часу часта хадзіць у лес. Сёньня — выходны, Алена вырвалася за чарніцамі з сястрой Алесяй. Маладая жанчына не здае ягады — хоча набраць сёньня сабе, на варэньне і кампот дзецям.

Сёстры Алена і Алеся зь вёскі Пціч Петрыкаўскага раёна
Сёстры Алена і Алеся зь вёскі Пціч Петрыкаўскага раёна

Алеся з мужам і малым дзіцём жыве асобна ад бацькоў. Яе мэта на лета — назьбіраць на мэблю ў залю. Сямʼя марыць пра канапу і «сьценку». Алеся за дзень набірае 12-15 кіляграм.

Сустрэтыя маладыя вяскоўцы распавядалі пра набытыя за ягады смартфоны.

Міхаіл з Муляраўкі, Гомельская вобласьць
Міхаіл з Муляраўкі, Гомельская вобласьць

Міхаіл з Муляраўкі сёньня набраў паўтары вядры ягад. Спачатку ён зьбірае чарніцы для сямʼі. З замарожаных ягад да зімы робіць варэнікі і пірагі. Калі маразілка будзе поўная — грошы за ягады пойдуць на побытавыя рэчы. Танны смартфон, паводле Міхаіла, можна набыць за тыдзень працы на ягадах. Малады чалавек за дзень зарабляе на чарніцах 20-30 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG