Лідэры краін Эўразьвязу на саміце ў Бруселі дамовіліся аб адзінай палітыцы што да прыёму ўцекачоў. Пра гэта раніцу 29 чэрвеня паведаміў у твітары старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск.
Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ, які раней блякаваў падпісаньне выніковага дакумэнту, пагадзіўся паставіць пад ім подпіс пасьля амаль 10-гадзінных перамоваў.
Выніковае пагадненьне прадугледжвае, што краіны ЭЗ будуць у добраахвотным парадку прымаць мігрантаў, абавязковае разьмеркаваньне перасяленцаў паміж членамі Зьвязу не прадугледжана.
Паводле словаў канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 28 краін Эўразьвязу дамовіліся аб больш актыўнай падтрымцы эўрапейскай памежнай службы Frontex і стварэньні лягераў для першаснага разьмяшчэньня мігрантаў у краінах ЭЗ, якія добраахвотна на гэта пагодзяцца, а таксама, магчыма, у краінах Паўночнай Афрыкі.
З гэтых лягераў мігранты будуць разьмяркоўвацца па тых краінах ЭЗ, якія гатовыя добраахвотна іх прыняць.
Рэформы міграцыйнай палітыкі запатрабавала Італія. Паводле існуючых правілаў, за мігрантаў нясуць адказнасьць тыя краіны, дзе іх рэгіструюць пасьля прыбыцьця на тэрыторыю Эўразьвязу. У выніку найбольшы цяжар кладзецца на краіны Паўднёвай Эўропы.
11 чэрвеня ўлады Італіі адмовіліся прымаць судны зь мігрантамі, уратаванымі ў Міжземным моры. Кіраўнікі Францыі і Гішпаніі раскрытыкавалі гэтае рашэньне. Паводле словаў прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, міграцыйны крызіс у ЭЗ перарос у палітычны.
Пасьля падпісаньня пагадненьня Макрон заявіў, што Эўропе давядзецца жыць пад прэсам міграцыі доўгі час. Краіны ЭЗ павінны здабыць посьпех у супрацьстаяньні гэтаму выкліку, застаючыся пры гэтым прыхільнымі эеўрапейскім каштоўнасьцям. «Сёньня перамагло супрацоўніцтва паміж краінамі Эўропы», — цытуе Reuters Макрона.