Лідэры Эўрапейскага Зьвязу дамовіліся аб працягу эканамічных санкцый, якія маюць на мэце пакараць Расею за яе агрэсію ва Ўкраіне. Такое рашэньне прынялі падчас вячэры на саміце ЭЗ у Брусэлі.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель праінфармавалі ўдзельнікаў саміту аб стане выкананьня менскіх пагадненьняў і заклікалі лідэраў падоўжыць санкцыі.
Санкцыі, якія дзейнічаюць супраць расейскага банкаўскага і энэргетычнага сэктараў, упершыню былі ўведзеныя летам 2014 году, пасьля таго, як Расея анэксавала ўкраінскі Крымскі паўвостраў і стала падтрымліваць прарасейскіх баевікоў на ўсходзе Ўкраіны.
Лідэры ЭЗ заявілі, што санкцыі ня будуць адмененыя, пакуль Расея ды іншыя бакі канфлікту не дасягнуць посьпехаў у рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў.
Санкцыі аднаўляюцца кожныя паўгода ад 2014-га.
За больш як чатыры гады на Данбасе загінулі звыш 10 тысяч 300 чалавек.