Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шапачкі для асаблівых жанчын». Гарадзенка прыдумала, як заставацца прыгожай пасьля хіміятэрапіі


«Жанчыны нават устаюць з кропельніцы, каб памераць шапачку. Адной рукой. Падбіраюць колер, мадэль. Для іх гэта так важна», — кажа Валянціна, якая ведае, як гэта — жыць без валасоў, і цяпер адзіная ў Беларусі разам зь сяброўкамі распрацоўвае зручныя галаўныя ўборы для анкахворых.

«Як я буду без валасоў?»

Дамаўляемся з аўтаркай шапачак сустрэцца ў кавярні. Мімаволі шукаю вачыма незнаёмку з бледным тварам і паголенай галавой.

Але з-за століка вітае дагледжаная жанчына з акуратнай фрызурай.

У Валянціны ўжо адрасьлі валасы пасьля хіміятэрапіі
У Валянціны ўжо адрасьлі валасы пасьля хіміятэрапіі

«У мяне валасы ўжо адрасьлі. Мне іх шкада абцінаць, хоць заўжды мела карацейшую стрыжку. Цяпер хачу панасіць, бо амаль два гады хадзіла без валасоў», — далікатна ўсьміхаецца жанчына.

Валянціне Казукевіч 40 гадоў. Два гады таму яна знайшла ўшчыльненьне ў грудзях. Дыягназ «рак малочнай залозы» паставілі адразу. Апэрацыя, хіміятэрапія. Праз паўгода — рэцыдыў. І зноў — апэрацыя, хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія.

Ад моцных лекаў пачалі выпадаць валасы.

«Усе жанчыны гэтага баяцца. Нават ня столькі апэрацыі. „Як я буду без валасоў?“ Гэтая праблема не дае спаць. Вельмі непрывычна бачыць сябе ў люстэрку», — кажа пра перажываньні анкахворых Валянціна.

Раней Валянціна хадзіла з кароткай стрыжкай
Раней Валянціна хадзіла з кароткай стрыжкай

Сыны прапанавалі зрабіць тату, як у Наргіз

У яе сям’я: муж і два сыны. Хацелася выглядаць прывабна нават дома, для самых блізкіх.

На шчасьце, сям’я была разам. Муж не адыходзіў ад яе ложка. А сыны нават жартам прапанавалі зрабіць тату, як у Наргіз. Аднак сілаў на гэта не было.

Хацелася выглядаць прывабна нават у шпіталі
Хацелася выглядаць прывабна нават у шпіталі

«Самаадчуваньне такое, што лішні раз нікуды ня пойдзеш. Проста ляжыш пластом. Цягам тыдня пасьля хіміятэрапіі ты не чалавек, а расьліна. Цябе ванітуе на любы пах. Бывае, нават устаць ня можаш».

«Людзі шарахаюцца, калі бачаць лысую жанчыну»

Старэйшы сын тады акурат заканчваў школу і паступаў, а малодшы ішоў у першую клясу. Паміж курсамі лячэньня Валянціна бегала на лінейку, выпускны, падтрымлівала на іспытах, хадзіла на працу. Даводзілася кантактаваць са знаёмымі і незнаёмымі.

«Ня ўсім патлумачыш, што адбываецца. Але ў нас такі мэнталітэт: людзі шарахаюцца, калі бачаць лысую жанчыну», — шкадуе суразмоўца.

Аказваецца, быць прыгожай хочацца нават у анкалягічным аддзяленьні.

«Жанчына ў шпіталі ня выйдзе ў калідор, у прыбіральню бяз шапачкі. Павязвае хустку, калі ў палату заходзіць лекар», — расказвае Валянціна.

Да таго ж выгляду жанчын пасьля хіміятэрапіі часам палохаюцца малыя дзеці. Хочацца схаваць паголеную галаву ад сваіх бабуляў, дзядуляў, каб лішні раз іх не засмучаць.

Галаўны ўбор абараняе ад таго, каб валасы ня сыпаліся паўсюль.

Галаўны ўбор абараняе і ўпрыгожвае
Галаўны ўбор абараняе і ўпрыгожвае

«Ты сядзіш, ясі, а табе валасы ў талерку падаюць. Устаеш пасьля сну, а ў цябе ўся падушка ў валасах. Яны ж не адразу ўсе выпадаюць, а паступова. Я на другі раз адразу перад хіміятэрапіяй пагалілася нагала, не чакаючы», — кажа былая анкапацыентка.

Асновай для мадэлі стала старадаўняя намітка

Гарадзенка пачала шукаць варыянты, як застацца прыгожай у такіх умовах. Узімку на вуліцы прасьцей — надзеў шапку і выглядаеш, як усе. Улетку не начэпіш проста панамку або капялюшык — з-пад іх відаць, што валасоў няма. У цёплай шапцы выглядаеш дзіўна і вылучаесься з натоўпу. Шалік надта складана накручваць на галаву, асабліва калі трэба хутка. Сынтэтычныя хусткі адразу спадаюць.

«Гэта ўсё раздражняе, тым больш у такім стане і настроі».

Першая шапачка
Першая шапачка

Валянціна знайшла празь сеціва старадаўні галаўны ўбор — намітку — і зрабіла на яе аснове шапачку, якую можна адразу надзяваць на галаву, без адмысловых ведаў і рухаў. Першую пашыла рукамі з ільну чырвонага колеру. Намітка спадабалася тым, што добра сядзіць на галаве, закрывае яе цалкам, пры гэтым выглядае па-жаноцку.

Такога ў Беларусі яшчэ не было

Падобных прапановаў жанчына не знайшла ў крамах або на рынках. Адначасова ўбачыла, што ў суседняй Польшчы такія ўборы вырабляюць у прамысловых маштабах. Яна вырашыла ўвасобіць гэтую ідэю ў Беларусі.

У Беларусі такога раней не было
У Беларусі такога раней не было

Падтрымаў лекар-анколяг, зь якім на прыёме абмеркавалі патрэбу беларусак у галаўных уборах. Не здавацца дапамагаў муж, бо ня раз хацелася ўсё кінуць.

Валянціну, юрыста паводле адукацыі і прафэсіі, заўсёды прываблівала творчая дзейнасьць: кветкі з паперы, прыгожая сэрвіроўка стала, нават змайстравала дома фальшкамін. Аднак перад тым, як распачаць новы кірунак у беларускай тэкстыльнай вытворчасьці, яна ня ведала па тэме нічога.

Фальшкамін, які Валянціна зрабіла дома
Фальшкамін, які Валянціна зрабіла дома

Пашыць дапамагла сяброўка дзяцінства

Жанчына зьбіралася пайсьці на курсы, набыла швейную машынку. Але навучаньня такой вузкай спэцыялізацыі (галаўныя ўборы) не знайшла. Ажно ўзгадала пра былую аднаклясьніцу Ганну Кавалеўскую, зь якой ня бачыліся шмат гадоў. Адшукала яе ў сацсетках і расказала сваю гісторыю.

У Ганны на той момант ужо была свая швейная фірма. Даведаўшыся пра задуму сяброўкі дзяцінства, яна паабяцала, што дапаможа ўсім магчымым.

Наступным крокам стаў выбар тканіны. Трэба было ўлічваць, што жанчыне такі ўбор патрэбны круглыя суткі, для розных сытуацый, у тым ліку і для сну. Адпаведна, яна мусіла быць натуральнай, каб дыхала скура, цягнуцца, каб зручна сесьці на галаву, не камечыцца, калі ляжыш. Усім крытэрам адпавядала віскоза, якая па якасьцях падобная да натуральнай тканіны.

Тканіна мусіць быць натуральнай, цягнуцца, ня камечыцца
Тканіна мусіць быць натуральнай, цягнуцца, ня камечыцца

Знайсьці ў Беларусі шмат адрэзаў віскозы розных расфарбовак, але не ў вялікіх аб’ёмах (бо колькі трэба той тканіны на партыю шапачак) стала тым яшчэ квэстам. Урэшце на ўгоду пагадзілася адна горадзенская фірма.

Далей — пашыў. Разам з Ганнай яны распрацоўвалі мадэлі шапачак, тэставалі, зьмянялі. Ажно адшылі першую партыю ў 300 штук улетку мінулага году, потым яшчэ 200.

Мадэлі распрацоўвалі і тэставалі на зручнасьць
Мадэлі распрацоўвалі і тэставалі на зручнасьць

Сярод іх ёсьць і вырабы спакойных тонаў для тых, хто ня хоча моцна вылучацца, і рознакаляровыя яркія — для тых, хто хоча зьвярнуць на сябе ўвагу, і нават чорныя — некаторыя замаўляюць такія, каб надзяваць на працу пад гарнітур.

Валянтэрства, а ня бізнэс

Каб прадаваць шапачкі, Валянціна зарэгістравалася як ІП. Сама распрацавала сайт сваёй прадукцыі. Назва сайту ўтвораная ад скароту імя Валянціны. Там шапачку можна замовіць.

З офлайн-крамамі больш складана. Аўтарка не хацела аддаваць свае вырабы ў любы пункт гандлю.

Шапачкі для асаблівых жанчын
Шапачкі для асаблівых жанчын

«Не хачу аддаваць шапачкі ў звычайныя крамы, таму што ў іх адразу страчваецца сэнс. Гэта не звычайная шапачка, якую набудзеш на рынку», — кажа яна.

Валянціна называе свае вырабы «шапачкі для асаблівых жанчын». Аддала іх у крамы мэдыцынскіх тавараў.

Часам яна зь сяброўкамі прыходзіць у шпіталь, каб прапанаваць жанчынам прымераць уборы. Кажа, што іх сустракаюць вельмі ахвотна. Пакуль мераюць, пасьпяваюць падзяліцца сваімі гісторыямі, для іх гэта эмацыйны адпачынак. Апошнім часам усё больш людзей звоніць, цікавіцца, а таксама піша ёй падзякі.

Жанчыны цешацца новым галаўным уборам
Жанчыны цешацца новым галаўным уборам

Гарадзенка кажа, што пакуль гэты праект для яе дабрачынны. Яна на ім не зарабляе.

Валянціна спадзяецца, што неўзабаве колькасьць крамаў, дзе будуць прадавацца ейныя шапачкі, павялічыцца, а зь імі — і колькасьць новых уладальніц.

Стварылі групу ўзаемадапамогі анкахворым жанчынам

Падчас хваробы Валянціна пасьпела пазнаёміцца зь іншымі гарадзенкамі з анкалёгіяй, таксама з Ганнай Ждановіч і Ганнай Шыкуць з дабрачыннага фонду дапамогі анкахворым дзецям ПАРА. Жанчыны заснавалі падобную групу, але для жанчын — «Разам».

Удзельніцы групы «Разам» сустракаюцца, каб проста пагаварыць
Удзельніцы групы «Разам» сустракаюцца, каб проста пагаварыць

Штосераду яны сустракаюцца, каб проста ўбачыцца і пагаварыць. Абменьваюцца з навічкамі самай простай інфармацыяй: у якія дзьверы, да якога лекара трэба ісьці, якія аналізы і дзе здаваць. Аказваецца, разабрацца ў гэтай сыстэме чалавеку, які толькі даведаўся пра свой дыягназ, зусім ня проста.

Падтрымліваюць анкахворых дзяцей. Наведваюць іх у Бараўлянах з падарункамі і майстар-клясамі разам з цэнтрам ПАРА.

Зьбіраюць падарункі для дзяцей, якія хварэюць на рак
Зьбіраюць падарункі для дзяцей, якія хварэюць на рак

Падчас сваіх сустрэч жанчыны малююць, робяць вырабы для дабрачынных аўкцыёнаў, зьбіраюць лекавыя зёлкі на гарбату, частуюць свойскім мёдам, падтрымліваюць адна адну.

«Тут вельмі добрая атмасфэра. Адкрытыя, прыязныя людзі. Цяпер яны сталі маім асноўным колам сяброў. Мы рады, калі да нас далучаюцца новыя ўдзельнікі», — кажа Валянціна.

Падчас сустрэч узаемападтрымкі жанчыны займаюцца творчасьцю
Падчас сустрэч узаемападтрымкі жанчыны займаюцца творчасьцю

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG