Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскаму сатырыку Шэндэровічу не далі выступіць у Беларусі 


Расейскі сатырык Віктар Шэндэровіч
Расейскі сатырык Віктар Шэндэровіч

Расейскі сатырык і грамадзкі дзяяч Віктар Шэндэровіч напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што не атрымаў дазволу на творчую вечарыну ў канцэртнай залі «Менск». Сустрэча з гледачамі была заплянаваная на 28 кастрычніка.

«Мае восеньскія выступы ў Беларусі адмяняюцца. Атрымаць канцэртны дазвол з прэзыдэнцкай адміністрацыі аказалася справай немагчымай», — паведаміў Віктар Шэндэровіч.

Арганізатарам гастроляў выступала Берасьцейская абласная філярмонія. Там пацьвердзілі адмену канцэрту і пачалі вяртаньне грошай за набытыя квіткі.

Як паведаміла БелаПАН дырэктарка філярмоніі Тацяна Калтынаева, гэта было яе асабістае рашэньне.

«Першапачаткова я думала, што гэта канцэрт, але аказалася, што сустрэча на палітычную тэму, — сказала яна. — Такую сустрэчу можна праводзіць дома на кухні... Адказнасьць я на сябе браць не хачу. Тым больш, што паступіў званок «зьверху».

Летась Віктар Шэндэровіч ужо прыяжджаў у Беларусь. Сёлетнюю юбілейную праграму пад назвай «Усё лепшае» плянавалася прымеркаваць да 60-гадовага юбілею пісьменьніка.

Віктар Шэндэровіч — пасьлядоўны крытык палітычных рэжымаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. На пачатку 2000-х абодва былі сталымі пэрсанажамі ягоных сатырычных праграмаў «Куклы», «Итого», «Бесплатный сыр», якія выходзілі на расейскіх тэлеканалах.

Шэндэровіч выступае супраць наступу на правы і свабоды грамадзянаў Расеі, арганізуе адзіночныя пікеты. Неаднойчы яго затрымлівала расейская паліцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG