Калісьці даўным-даўно ўплыў Уладзімера Пуціна не выходзіў за межы яго дрэздэнскай кватэры.
Потым ўплыў пачатак памаленьку расьці: праз «тамбоўскіх» — на Піцер, праз «піцерскіх» — на Маскву... Потым ён раптоўна стаў прэзыдэнтам і самым пасьпяховым лябістам у сьвеце: шлях у расейскі сьпіс «Форбс» ужо даўно ляжыць праз пуцінскі кабінэт. Але тое Расея... Выхаду на міжнародны рынак прыйшлося чакаць значна даўжэй.
15 гадоў натаўскія кіраўнікі спрабавалі дамагчыся павелічэньня долі ваенных выдаткаў у сваіх краінах да 2% ад ВУП гэтых краін, і ніяк у іх не атрымлівалася! Не было добрага лябіста ў хлопцаў. І вось, нарэшце, у справу увайшоў Пуцін: анэксаваў Крым, раздаў зброю сэпаратыстам і кінуў войска ў марш-кідок на Марыюпаль. І мары натаўскіх генэралаў спраўдзіліся неадкладна! На мінулым саміце НАТО доўгачаканае рашэньне было прынятае імгненна. Ну, і войскі альянсу цяпер ўстануць у самых расейскіх межаў.
Я ня ведаю, колькі адкацяць за гэта Пуціну удзячныя натаўскія генэралы, але спадзяюся, што адкацяць. Інакш атрымліваецца, што ён проста ўзяў здуру і бясплатна ўмацаваў НАТО. А ён жа ў нас лабіст, а не дурань, праўда? Ці я чагосьці не разумею?
Самае папулярнае
1