На справаздачна-выбарным зьезьдзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, заплянаваным на 8 ліпеня, будзе ўжо ня тры, а чатыры кандыдаты на пасаду партыйнага старшыні.
Да Мікалая Казлова, Ганны Канапацкай і Васіля Палякова нечакана далучыўся і цяперашні партыйны лідэр Анатоль Лябедзька, які раней неаднаразова заяўляў, што гэтым разам вылучацца ня будзе.
Паведамленьне пра гэта зьявілася на афіцыйным партыйным сайце.
У офісе АГП Свабодзе спраўдзілі гэтую інфармацыю. Тут паведамілі, што ўвечары 27 чэрвеня Лябедзька вяртаецца з Брусэлю, дзе ён цяпер удзельнічае ў сэсіі «Эўранэсту».
Чатыры кандыдаты правядуць тэледэбаты, якія будуць трансьлявацца на сайце і сацыяльных сетках АГП. Будуць запісаныя чатыры тэматычныя перадачы. Весьці дэбаты зьбіраюцца Павал Мажэйка і Глеб Лабадзенка.
Анатоль Лябедзька нязьменна ачольвае АГП з 2000 году. У партыйным статуце няма абмежаваньняў на колькасьць тэрмінаў кіраваньня партыяй адной і той жа асобай.