Абласная канфэрэнцыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі партыі ў Віцебску 16 чэрвеня стала апошняй перад справаздачна-выбарным партыйным зьездам. Такія канфэрэнцыі прайшлі ва ўсіх абласьцях і Менску. Тры сябры партыі публічна заявілі пра свой намер балятавацца на пасаду старшыні АГП. Хто яны і з чым ідуць на зьезд?
Прэтэндэнты на пасаду старшыні АГП — кіраўнік сталічнай арганізацыі партыі Мікалай Казлоў, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і намесьнік партыйнага старшыні Васіль Палякоў. Апошні прысутнічаў на ўсіх сямі канфэрэнцыях, Казлоў — на шасьці, Канапацкая — на пяці.
Новага лідэра выберуць праз 20 дзён, 8 ліпеня, на справаздачна-выбарным зьездзе.
Цяперашні лідэр Анатоль Лябедзька, які кіруе АГП з 2000 году, заявіў, што сёлета вылучацца ня будзе.
Папярэдні справаздачна-выбарны зьезд праходзіў 18 ліпеня 2016 году. Тады прэтэндэнтаў было двое: Анатоль Лябедзька і Васіль Палякоў. Лябедзьку падтрымалі 49 дэлегатаў, Палякова — 37.
Казлоў: асноўнае — добра падрыхтавацца да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў
Мікалай Казлоў кажа Свабодзе: канфэрэнцыі пераканалі яго ў тым, што АГП — актыўная партыя.
«Я думаю, менавіта АГП займае лідэрскія пазыцыі сярод усіх апазыцыйных партыяў краіны. Упэўнены, што ў нас хопіць розуму прыняць такія рашэньні, якія дапамогуць партыі рухацца ўперад», — адзначае прэтэндэнт.
Кіраўнік сталічнай арганізацыі мяркуе, што партыя павінна павялічвацца колькасна і ўзмацняць сваю актыўнасьць.
«У нас наперадзе электаральныя кампаніі. Гэта выбары ў парлямэнт, выбары прэзыдэнта, магчымы рэфэрэндум. Да іх трэба падысьці падрыхтаванымі, згуртаванымі, нацэленымі на посьпех. Гэта асноўныя задачы на наступныя два гады».
Канапацкая: трэба ўвесьці партыйныя ўнёскі
Дэпутатка гаворыць пра сваё пэўнае расчараваньне ад абласных канфэрэнцыяў, на якіх яна прысутнічала.
«Лічыцца, што ў партыі прыкладна тры з паловай тысячы чальцоў. А ў абласных канфэрэнцыях удзельнічаюць чалавек 20. І толькі Менск складае выключэньне. А калі паглядзець на здымкі дэлегатаў, то амаль не відаць моладзі. А ў партыі ж ёсьць свая моладзевая арганізацыя», — дзеліцца яна.
Спадарыня Канапацкая таксама гаворыць пра падрыхтоўку да выбарных кампаніяў. Аднак яна падкрэсьлівае, што тут на першы плян павінны выйсьці тлумачэньні.
«Людзям важна разумець, чаму ім неабходны выбары. Мы павінны апусьціцца на ўзровень простага чалавека і лягічна тлумачыць яму, як ад выбараў залежыць ягоны заробак, цэны ў крамах, узровень яго жыцьця», — адзначае дэпутатка.
Яшчэ яна хоча зрабіць партыю больш адкрытай, больш празрыстай. Таму Канапацкая прапануе ўвядзеньне партыйных унёскаў, каб усе разумелі, за кошт чаго і як жыве партыя.
Палякоў: на прэзыдэнцкіх выбарах мусім мець адзінага кандыдата
Цяперашні намесьнік старшыні партыі гаворыць, што падчас канфэрэнцыяў ён адчуў асабістую падтрымку. І гэта дадае яму дадатковыя стымулы пазмагацца на выбарах.
Васіль Палякоў бачыць перад АГП тры найважнейшыя задачы: партыйнае будаўніцтва, падрыхтоўка да выбараў і эканамічныя распрацоўкі.
На думку прэтэндэнта, падчас выбараў галоўнае «не паддацца на гульні ўладаў, таму што яны будуць імкнуцца прыцягнуць увагу да другасных рэчаў».
«Мы павінны працаваць на прэзыдэнцкую кампанію і галоўную ўвагу ўдзяляць менавіта прэзыдэнцкай кампаніі. Таксама важна (і ў гэтым кірунку будзем працаваць), каб быў вылучаны ад апазыцыі ці хаця б ад правацэнтрысцкай кааліцыі адзіны кандыдат. І для гэтага можа быць выкарыстаная працэдура адкрытых праймэрыз, і ўсе зацікаўленыя ўдзельнікі працэсу змогуць у іх удзельнічаць», — падкрэсьлівае Васіль Палякоў.