Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: У 2019 годзе колькасьць уцекачоў у Эўропе вырасьце на 40%


Ілюстрацыйнае фота. Сырыйскія ўцекачы ў Турэччыне, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Сырыйскія ўцекачы ў Турэччыне, 2017 год

Агульная колькасьць уцекачоў, якія маюць патрэбу ў перасяленьні ў іншыя краіны, у 2019 годзе дасягне 1,4 млн. Гэта на 17 адсоткаў больш, чым у сёлета, паведамляюць у Агенцтве ААН у справах уцекачоў (Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў).

У перасяленьні маюць патрэбу ўцекачы з 36 дзяржаў. Трэці год запар большасьць сярод іх складаюць выхадцы з Сырыі. У 2019 годзе ў трэція краіны неабходна перасяліць 600 тысяч сырыйцаў — гэта на 26 адсоткаў больш, чым цяпер.

У цэлым асноўную частку перасяленцаў складаюць жыхары Афрыкі, асабліва — Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Паводле дадзеных Агенцтва, у наступным годзе ў перасяленьні будуць мець патрэбу 163 тысячы грамадзян Конга (на 10 адсоткаў больш, чым у 2018 годзе).

Уцекачоў, якія чакаюць перасяленьня ў эўрапейскія краіны, стане на 40 адсоткаў больш, чым сёньня. Іх колькасьць у 2019 годзе дасягне 420 тысяч.

У Паўднёвым Судане, дзе актывізаваліся баявыя дзеяньні, рост колькасьці ўцекачоў, якіх трэба расьсяліць у іншых краінах, перавысіў 70 адсоткаў.

Экспэрты УВКБ прагназуюць рост колькасьці перасяленцаў і з амэрыканскіх краін. Паказьнікі хоць і сьціплыя ў параўнаньні з Афрыкай — усяго 4 000 чалавек, аднак гэта на 123 адсотка больш, чым сёлета.

Усе краіны, якія падпісалі ў 2016 годзе Нью-Ёркскую дэклярацыю, пацьвердзілі неабходнасьць пашырыць праграму па перасяленьні ўцекачоў у трэція краіны. Тым ня менш, потым дзяржавы рэзка скарацілі квоты для перасяленцаў. У 2017 годзе толькі 72 200 уцекачоў з усяго сьвету атрымалі магчымасьць перабрацца на новае месца ў межах гэтага праекту.

У сувязі з гэтым у Агенцтве ААН па справах уцекачоў рыхтуюцца да адразу да некалькіх міграцыйных крызісаў у 2019 годзе: увагі запатрабуе сытуацыя ў краінах, вымушаных прытуліць вялікую колькасьць уцекачоў, міграцыя па міжземнаморскім маршруце і перасяленьні з Турэччыны, Лівану, Іярданіі, Іраку і Эгіпту, зьвязаныя з сырыйскім канфліктам.

Праграма па перасяленьні дае магчымасьць тым, хто зьвярнуўся па прыстанішча, пераехаць у трэцюю краіну, якая гатова іх прыняць і даць гарантыі бясьпекі. Рэалізацыяй гэтага праекту займаюцца міжнародныя агенцтвы, уключаючы Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG