Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк зьніжае стаўку рэфінансаваньня да гістарычнага мінімуму


Нацыянальны банк з 27 чэрвеня зьменшыць стаўку рэфінансаваньня на паўпрацэнта — з 10,5% да 10% гадавых. Гэта самы нізкі ўзровень за часы незалежнасьці. Стаўка была такой нізкай таксама ў асобныя месяцы 2006–2008 гадоў.

Што гэта зьмяняе?

Стаўка рэфінансаваньня вызначае працэнты, якія трэба выплаціць галоўнаму банку краіны за крэдыты. Ад яе залежыць, наколькі дарагія ці танныя крэдыты могуць даваць банкі.

Чым больш надзейная фінансавая сытуацыя ў дзяржаве, тым меншая стаўка і тым больш даступныя грошы.

Гэта другое зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня за год, папярэднія зьмены дзейнічаюць з 14 лютага. Летась Нацбанк зьніжаў стаўку восем разоў — з 18 да 11%.

Рэкордна высокай стаўка была у 1994 годзе — 480%.

Чаму стаўку зьменшылі?

Зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня тлумачыцца нізкім тэмпам росту цэнаў, спрыяльным прагнозам па інфляцыі, працягам аднаўленчага росту эканомікі і спрыяльнымі тэндэнцыямі на зьнешніх рынках.

Ад пачатку году цэны ў Беларусі вырасьлі на 2,5%. Інфляцыя за 2017 год склала 4,6%. Паводле бюджэту на 2018 год гадавая інфляцыя заплянаваная на ўзроўні 7,4%.

Паводле прадстаўніка Нацбанку Дзьмітрыя Мурына, стаўка да канца году можа скласьці 9,5–10,5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG