Міністэрства абароны расказала аб завяршэньні падрыхтоўкі да менскага параду на афіцыйны Дзень Незалежнасьці Беларусі, таксама вядомы як Дзень Рэспублікі.
Цяпер праходзяць завяршальныя трэнаваньні парадных разьлікаў. Рэпэтыцыі параду пройдуць 23 і 28 чэрвеня ад 23.00 на скрыжаваньні менскіх праспэктаў Пераможцаў і Машэрава. Папярэдняя рэпэтыцыя ўтварыла на МКАД кілямэтровы затор.
Мяркуецца, што парадам па Менску пройдуць каля 4 тысячаў вайскоўцаў і больш за 250 адзінак баявой тэхнікі.
У парадзе 3 ліпеня традыцыйна, як піша Мінабароны, возьмуць удзел расейскія вайскоўцы, і ўпершыню пройдзе парадны разьлік Народна-вызваленчай арміі Кітаю. Таксама ўпершыню 3 ліпеня пройдуць жанчыны зь беларускага войска, кадэты беларускіх вучэльняў, ліцэяў і кадэцкіх карпусоў.
Летась Аляксандар Лукашэнка сказаў «не шкадаваць сродкаў» на парад, на якім у выніку можна было пабачыць ня толькі вайсковую тэхніку, але і пральныя машыны, тушаніну і ўнітазы.
Колькі каштуюць парады на Дзень Рэспублікі, звычайна не гаворыцца. Незалежныя экспэрты кажуць пра дзясяткі мільёнаў даляраў, прадстаўнікі Мінабароны — пра «як па 10 грамаў каўбасы кожнаму жыхару». Менчукі звычайна абураюцца гучнай падрыхтоўкай да парадаў у цэнтры гораду і разьбітымі дарогамі пасьля праезду цяжкай тэхнікі.
Дзень Незалежнасьці Беларусі адзначаўся ад 1991 году 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Перанос даты на 3 ліпеня — гадавіну вызваленьня Менску саветамі ад войскаў нацыстаў — адбыўся ў выніку рэфэрэндуму 1996 году (празь яго ж былі пашыраныя паўнамоцтвы Лукашэнкі — Беларусь ператварылася з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку, да рэфэрэндуму і ў час яго адзначаліся шматлікія парушэньні). Незалежная грамадзкасьць адзначае як гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Дзень Волі 25 сакавіка — у дзень прыняцьця ў 1918 годзе Трэцяй Устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.