Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь паднялася на 41-е месца ў рэйтынгу вайсковай моцы. Што палепшылася


Вайскоўцы ў Дзень дэсантніка ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Вайскоўцы ў Дзень дэсантніка ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Міжнародная дасьледчая кампанія Global Firepower апублікавала даклад вайсковых экспэртаў, у якім ацэньваецца глябальны «рэйтынг вайсковай моцы» 136 краінаў сьвету ў 2017 годзе.

Рэйтынг уключае 50 розных фактараў — лучнасьць розных нацыянальных характарыстык (сярод апошніх разьвіцьцё тэхналёгіяў і прамысловасьці, прыродныя рэсурсы, геапалітычныя фактары, транспартная інфраструктура). У якасьці дадатковай перавагі ўлічвалася наяўнасьць у краіны ядзернай зброі, але яна не разглядалася пры ацэнцы балянсу тых ці іншых відаў узбраеньняў. Невялікі бонус атрымлівалі краіны, якія ўваходзяць у блёк NATO.

Амэрыканскі вайсковец назірае за трэніроўкай афганскіх салдатаў, ілюстрацыйнае фота
Амэрыканскі вайсковец назірае за трэніроўкай афганскіх салдатаў, ілюстрацыйнае фота

Паводле агульнага паказьніку — рэйтынгу вайсковай моцы — Злучаныя Штаты па-ранейшаму прыкметна апярэджваюць Расею (другое месца) і Кітай (трэцяе месца). Далей у дзясятку вядучых вайсковых дзяржаваў сьвету, згодна з рэйтынгам, уваходзяць: Індыя, Францыя, Вялікая Брытанія, Паўднёвая Карэя, Японія, Турэччына і Нямеччына.

Беларусь цяпер знаходзіцца на 41-м месцы — паміж Нідэрляндамі, Узбэкістанам, Румыніяй (38–40 месцы), Пэру, Нігерыяй і Малайзіяй (42-44 месцы). У леташнім рэйтынгу Беларусь была на 49-м месцы, цяпер паднялася на восем пазыцыяў.

Польшча на 22-м месцы (мінус чатыры пазыцыі за год), Украіна на 29-м (плюс адна), Літва на 95-м (пазыцыя не зьмянілася), Латвія на 105-м (мінус дзьве), Эстонія на 108-м (плюс дзьве пазыцыі).

Краіны з насельніцтвам, параўнальным зь Беларусьсю (каля 10 млн чалавек) маюць такія пазыцыі: Ізраіль — 16-я, Грэцыя — 28-я, Чэхія — 30-я, Швэцыя — 31-я, Швайцарыя — 34-я, Вугоршчына — 57-я, Аўстрыя — 61-я, Гандурас — 112-я.

Чаму палепшылася пазыцыя Беларусі

У сумарным «лічбавым» рэйтынгу Беларусь палепшыла паказьнік з 0,8109 да 0,7315 балаў (меней — лепей).

Паводле зьвестак сайту, вырасла моц паветраных сілаў Беларусі: павялічылася колькасьць баявых (з 105 да 111), транспартных (з 34 да 67) і навучальных (з 21 да 24) лётных апаратаў. Таксама крыху павялічылася вытворчасьць паліва (з 30 000 да 32 670 барэляў на дзень), зьявілася чатыры гандлёвыя караблі, крыху павялічыліся пакупніцкая здольнасьць дзяржавы і аб’ёмы рэзэрваў зьнешняга гандлю. Пры гэтым упала колькасьць працоўнай сілы (з 4,546 млн чалавек да 4,381 млн), павялічылася зьнешняя запазычанасьць (з 34,75 да 38,75 млрд даляраў).

Але падобна, што пазыцыя Беларусі зьмянілася таксама з прычыны падзеньня іншых краінаў у рэйтынгу. Саслаблі некаторыя краіны, што раней абганялі Беларусь: у рэйтынгу ўпалі Пэру і Калюмбія, якія летась мелі лепшыя балы, чым Беларусь нават цяпер, таксама ўпалі і аказаліся пасьля Беларусі Этыёпія, Сырыя, Вэнэсуэла і Чылі, якія раней яе апярэджвалі.

Расейскія і сырыйскія вайскоўцы ва Ўсходняй Гуце, ілюстрацыйнае фота
Расейскія і сырыйскія вайскоўцы ва Ўсходняй Гуце, ілюстрацыйнае фота

Тым часам Ўзбэкістан, які раней абганяў Беларусь толькі на адну пазыцыю на 48-м месцы, цяпер падскочыў у рэйтынгу на дзевяць, да 39-га месца.

Па-ранейшаму ў Беларусі экспэрты налічваюць 401 тысячу чалавек вайскоўцаў і 56,5 тысячы актыўнага вайсковага пэрсаналу, амаль 335 тысяч рэзэрвовага пэрсаналу, 515 баявых танкаў, больш як 2300 баявых бронемашынаў, 583 САУ, 290 гарматаў, 123 сыстэмы залпавага агню; ніводнага баявога карабля.

У рэйтынгу ня ўлічваецца парадак і гвалт у войску — з часоў складаньня мінулага рэйтынгу гэтая тэма стала часта згадвацца ў Беларусі ў сувязі са справай Коржыча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG