Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў беларускіх школах выкладаюць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праваслаўная царква адзіная з усіх канфэсіяў мае прыярытэтнае права доступу да школьнай адукацыі. Зь яе ініцыятывы распрацавалі факультатыўны курс «Асновы праваслаўнай культуры». Такія заняткі ўжо праводзяцца ў беларускіх школах. Арганізуюцца курсы павышэньня кваліфікацыі для настаўнікаў, якія выказалі жаданьне вучыць дзяцей асновам праваслаўнай культуры.

Праваслаўныя герархі настойваюць: факультатыў распрацавалі «на запыт прадстаўнікоў самай масавай у Беларусі канфэсіі». Навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве адукацыі рэкамэндавала гэты курс для адукацыйнага працэсу ў 1–9 клясах.

Нацыянальны інстытут адукацыі: супраца з Праваслаўнай царквой не ўшчамляе правоў іншых канфэсій

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Асновы праваслаўнай культуры» выкладзеная на нацыянальным адукацыйным партале. Беларускамоўнай вэрсіі падручніка няма. Мэта праграмы, гаворыцца ў тлумачальнай запісцы, — фармаваньне духоўна-маральнай культуры навучэнцаў на падставе традыцыйных праваслаўных каштоўнасьцяў.

Як паведамілі Свабодзе ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, падставай для распрацоўкі факультатыву стала праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой на 2015–2020 гады. Гэтая праграма — плён пагадненьня аб супрацоўніцтве Праваслаўнай царквы і Рэспублікі Беларусь, заключанага ў 2003 годзе.

«Узаемадзеяньне ўстаноў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаньнях выхаваньня навучэнцаў ажыцьцяўляецца з улікам гістарычнай ролі і ўплыву рэлігійных арганізацый на фармаваньне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народу», — адпісала Свабодзе намесьніца дырэктара інстытуту Валянціна Гінчук.

У лісьце няма пэўнага адказу на пытаньне, ці могуць іншыя канфэсіі, як і праваслаўная, праводзіць такія факультатывы і ці былі ад іх прапановы, каб іх распрацаваць.

Абвестка на ўваходзе ў манастыр пра сход ахвотнікаў выкладаць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры»
Абвестка на ўваходзе ў манастыр пра сход ахвотнікаў выкладаць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры»

Супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой, падкрэсьліваецца ў лісьце, «ня ставіць на мэце ўшчамляць правы іншых канфэсій і не перашкаджае ім разьвіваць у рамках дзейнага заканадаўства супрацоўніцтва з сыстэмай адукацыі».

Нацыянальны інстытут адукацыі паінфармаваў, што праваслаўны факультатыў праводзяць пэдагагічныя работнікі на падставе пісьмовай заявы навучэнцаў ці законных прадстаўнікоў непаўналетніх. З адказу вынікае, што такія заняткі не парушаюць сьвецкага характару адукацыі.

Раней Мінадукацыі выступіла супраць «праваслаўнага» факультатыву

Вядома, што праваслаўны факультатыў меліся ўвесьці ў школьную праграму яшчэ ў 2010 годзе, але тады навукова-мэтадычная рада пры Мінадукацыі яго не ўхваліла. Адмову аргумэнтавалі тым, што такая праграма супярэчыць абвешчанай у законе «Аб адукацыі» свабодзе сумленьня і асновам дзяржаўнай палітыкі ў сфэры адукацыі, а таксама не адпавядае палажэньням закону ў частцы навуковасьці, нацыянальных культурных асноў і сьвецкасьці адукацыі.

Зьвесткі пра тое, як укараняюцца ў адукацыйны працэс «Асновы праваслаўнай культуры», спарадычныя. Час ад часу ў дзяржаўнай прэсе праскокваюць паведамленьні, што такія заняткі з ініцыятывы школьнай адміністрацыі адбыліся ў той ці іншай школе ў межах вывучэньня асноў праваслаўнай культуры.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У некаторых райцэнтрах узяліся праводзіць школьныя алімпіяды. Летась на загад Гомельскага аблвыканкаму алімпіяду па асновах праваслаўнай культуры зладзілі ў Мазыры. У Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі сёлета праводзілі курсы павышэньня кваліфікацыі для настаўнікаў, якія ўзяліся выкладаць факультатыў.

У Магілёве з дабраслаўленьня архіяпіскапа Магілёўскага і Мсьціслаўскага Сафронія шукаюць настаўнікаў, каб весьці ў школах такія заняткі. Прыхаджанаў, якія працавалі ці працуюць у адукацыйнай галіне, запрашаюць абмяркоўваць, як іх арганізаваць.

Высьветліць у абласным упраўленьні адукацыі, колькі школьнікаў на Магілёўшчыне ўжо вывучаюць «Асновы праваслаўнай культуры», не ўдалося. Ва ўпраўленьні паведамілі, што для факультатыўных заняткаў рэлігіязнаўчага напрамку ў прамінулым навучальным годзе сфармавалі 1046 груп з 1176 школьнікамі.

Праваслаўны сьвятар: факультатыў наведваюць каталікі, пратэстанты, габрэі і мусульмане

Кіраўнік сынадальнага аддзелу рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін у пісьмовым адказе Свабодзе адзначыў, што факультатыў уводзіцца «з улікам запатрабаваньня прадстаўнікоў самай масавай у Рэспубліцы Беларусь канфэсіі» дзеля «ўзмацненьня духоўна-маральнага складніка ў выхаваньні дзяцей». Сьвятар дадае, што распрацоўвалі факультатыў вядучыя навукоўцы зь ліку пэдагогаў ды псыхолягаў. Іх імёны ў лісьце не называюцца.

«Мэта факультатыву, — піша ён, — выхаваньне маральна сталай, духоўна разьвітай асобы, здольнай усьведамляць сваю адказнасьць за лёс бацькаўшчыны і свайго народу».

У лісьце няма непасрэднага адказу на пытаньне Свабоды, ці спрыяе факультатыў, поруч з разуменьнем важнасьці веры і духоўнасьці, умацаваньню ў школьнікаў беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Факультатыўныя заняткі, даводзіць сьвятар, «робяць пэўны ўнёсак у вырашэньне сацыяльных праблемаў (прафіляктыка злачынстваў, залежнасьцяў, суіцыдаў і г.д), умацаваньне міжканфэсійнага ўзаемапаразуменьня і дыялёгу культур».

Адказ япіскапа Веніяміна
Адказ япіскапа Веніяміна

Япіскап Веньямін сьцьвярджае: факультатыў наведваюць дзеці ня толькі з праваслаўных, але і з каталіцкіх, пратэстанцкіх, юдэйскіх ды мусульманскіх сем’яў. На занятках вучняў знаёмяць з нацыянальнымі сымбалямі і рэліквіямі, каштоўнымі ня толькі для праваслаўных, але і для каталікоў ды ўніятаў. Сярод іх называецца Крыж Эўфрасіньні Полацкай, Слуцкае і Полацкае эвангельлі, абразы Маці Божай Юравіцкай, Вострабрамскай ды Жыровіцкай.

«Навучэнцы даведваюцца, што насельніцтва беларускіх зямель заўсёды было шматнацыянальным і шматканфэсійным, і што міжнацыянальны і міжканфэсійны мір зьяўляецца залогам стабільнасьці ды росквіту дзяржавы», — піша япіскап Веньямін.

Колькі школьнікаў у Беларусі вывучае факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры»?

Памочнік старшыні сынадальнага аддзелу рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы ярэй Аляксій Хацееў сказаў карэспандэнту Свабоды, што пра колькасьць школ Беларусі, дзе выкладаецца факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры», могуць паведаміць толькі ў Міністэрстве адукацыі.

«Усё робіцца згодна з дакумэнтамі, праграмамі, і гэтая справаздачнасьць ідзе толькі па Міністэрстве адукацыі», — сказаў ён.

Аляксій Хацееў мяркуе, што такія факультатывы ёсьць ва ўсіх абласьцях.

«Гэта было, ёсьць і, спадзяюся, будзе», — сказаў айцец Аляксій.

У Міністэрстве адукацыі Свабодзе сказалі, што ня маюць статыстыкі колькасьці школ, дзе ёсьць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры».

«З Праваслаўнай царквой у нас заключана дамова, і ў яе рамках распрацаваны факультатыў. Зьбіраецца факультатыў у школах, калі ёсьць дзеці, якія жадаюць яго вывучаць», — сказала прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.

Паводле яе, падобных факультатываў іншых канфэсій у школах няма.

«На гэтым факультатыве „Асновы праваслаўнай культуры“ асноўны ўпор робіцца на праваслаўную культуру, але ні ў якім разе не на рэлігію. Вывучаюць жыцьцё і дзейнасьць Эўфрасіньні Полацкай і гэтак далей», — сказала Людміла Высоцкая.

Экспэрты: праваслаўныя факультатывы супярэчаць беларускай шматканфэсійнасьці

Экспэрт агенцтва гуманітарных тэхналёгій, кандыдат пэдагагічных навук Сьвятлана Мацкевіч лічыць: укараненьне ў школьны працэс праваслаўнага факультатыву супярэчыць шматканфэсійнасьці Беларусі.

«Уключэньне ў масавую адукацыю толькі адной з канфэсій узьдзейнічае на масавую сьвядомасьць падрастаючага пакаленьня і праграмуе пэўныя рэлігійныя ўстаноўкі», — тлумачыць экспэрт.

Калі дзяржава ставіць адну з канфэсій у прыярытэтнае становішча, гэта, лічыць яна, вядзе да сацыяльнага канфлікту, бо іншыя таксама імкнуцца пашыраць уплыў на сьвядомасьць людзей і чуйна рэагуюць на прэфэрэнцыі для «канкурэнтаў».​

Школьнікі каля царквы, ілюстрацыйнае фота
Школьнікі каля царквы, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства адукацыі, на думку Сьвятланы Мацкевіч, прытарможвае гэтыя працэсы, можа таму, што бачыць іхныя наступствы. Да таго ж міністэрства і школы занадта перагружаныя адукацыйнымі задачамі, і ім не да таго.

«Калі Праваслаўная царква будзе праяўляць настойлівасьць, то, можа, нешта і зьявіцца ў гэтым кірунку», — падсумоўвае Сьвятлана Мацкевіч.

Першы намесьнік старшыні Таварыства беларускай школы Ўладзімер Колас згадаў, што для навучальных устаноў на пачатку 1990-х гадоў Беларускі гуманітарны ліцэй распрацаваў курс рэлігіязнаўства. Міністэрства адукацыі яго зацьвердзіла. Больш за пяць год ён быў у праграме ліцэю як дадатковая дысцыпліна.

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас

Заснавальнік ліцэю згаджаецца з пазыцыяй, што вывучаць школьнікам рэлігійную культуру і традыцыі беларускага народу трэба, але заўважае: «Калі такая датклівая справа аддаецца адной канфэсіі, то, відавочна, яна будзе цягнуць коўдру на сябе».

«У пазыцыі Праваслаўнай царквы за прыгожымі словамі адчуваецца хітрасьць і прысутнасьць нейкай прыхаванай звышзадачы. Так, у традыцыях беларускага народу ёсьць талерантнасьць, як слушна адзначаецца ў лісьце праваслаўнага сьвятара, але і шматканфэсійнасьць таксама. Таму такі курс меўся выглядаць як вывучэньне рэлігійных традыцый беларускага народу», — настойвае Ўладзімер Колас.

Ён трымаецца пазыцыі, што такі курс маюць выкладаць сьвецкія настаўнікі, а распрацоўваць — прадстаўнікі ўсіх канфэсій супольна.

Уладзімер Колас таксама зьвяртае ўвагу, што ў палітыцы «ўсходняга суседа» цяпер пераважае экспансіянісцкая тэндэнцыя, уплыў якой распаўсюджваецца і праз Рускую праваслаўную царкву.

«Сама царква, — падкрэсьлівае ён, — працятая ідэалёгіяй імпэрскасьці».

Калі ў вашай школе выкладаюць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры», напішыце нам у камэнтарах ці праз форму зваротнай сувязі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG