Дзярждэпартамэнт ЗША выпусьціў Даклад аб міжнароднай сытуацыі са свабодай рэлігіі за 2017 год. У дакладзе аналізуецца захаваньне рэлігійных свабодаў у 200 краінах сьвету і дакумэнтуюцца асноўныя парушэньні і злоўжываньні з боку уладаў.
У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, даклад нагадвае, што тут вызначаная асобая роля праваслаўнай царквы, і ёй прадстаўляюцца правы і прывілеі, якіх ня маюць іншыя рэлігійныя групы, хаця закон таксама прызнае гістарычную важнасьць «традыцыйных» канфэсіяў — такіх як каталіцызм, юдаізм, іслам і пратэстантызм.
У дакладзе ўказваецца на цяжкасьці з рэгістрацыяй рэлігійных абшчынаў у Беларусі, у прыватнасьці баптысцкіх.
Закон забараняе любую рэлігійную дзейнасьць незарэгістраваных груп. Усе зарэгістраваныя рэлігійныя групы павінны прасіць дазволу на правядзеньне мерапрыемстваў па-за межамі іх тэрыторыі, у тым ліку зьвязаныя з празэлітычнай дзейнасьцю. Неабходна атрымаць дазвол уладаў на ўвоз і распаўсюд рэлігійнай літаратуры.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, хаця праваслаўнае і рыма-каталіцкае духавенства мае доступ да вернікаў-зьняволеных, для мусульманаў і пратэстантаў такое права не рэалізоўваецца. Пратэстанты і іншыя рэлігійныя мяншыні па-ранейшаму сутыкаюцца зь цяжкасьцямі пры спробе знайсьці будынкі для сваіх храмаў. Многім замежным місіянэрам адмаўляюць у візах альбо ў іх працягненьні.
Кіраўнікі габрэйскіх абшчынаў заклапочаныя тым, што праваслаўная царква па-ранейшаму адзначае дзень пакутніка Гаўрылы Беластоцкага — немаўляці, які нібыта быў закатаваны габрэямі ў 1690 годзе і выпадкамі вандалізму на габрэйскіх могілках.
У верасьні супрацоўнікі амбасады ЗША і запрошаная амэрыканская дэлегацыя сустрэліся з прадстаўнікамі міністэрстваў культуры і замежных справаў Беларусі, а таксама пракурорамі, каб абмеркаваць праблемы, зьвязаныя з захаваньнем аб’ектаў габрэйскай спадчыны. Часовы павераны ў справах і іншыя супрацоўнікі амбасады сустракаліся з габрэйскімі групамі, каб абмеркаваць праблему антысэмітызму і захаваньня габрэйскай рэлігійнага спадчыны. Супрацоўнікі амбасады таксама сустрэліся з каталікамі, пратэстантамі, Сьведкамі Еговы, чальцамі Міжнароднага таварыства Сьвядомасьці Крышны і іншымі групамі, а таксама з актывістамі грамадзянскай супольнасьці і адвакатамі рэлігійных груп, для абмеркаваньня ўрадавых абмежаваньняў на рэгістрацыю і дзейнасьць рэлігійных меншасьцяў.