Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі вырас на 4,7% за студзень-травень 2018 году да аналягічнага леташняга пэрыяду, згодна са зьвесткамі Белстату.
У грашовым эквіваленце ВУП за першыя пяць месяцаў 2018 году склаў 44,9 мільярда рублёў (рост на 9,3 мільярда рублёў за травень). У красавіку ВУП павялічыўся на 9,7 мільярда рублёў.
Найбольшы ўнёсак у ВУП зрабілі:
- апрацоўчая прамысловасьць — гэта 24,1% ад агульнай лічбы па краіне;
- Менск і Менская вобласьць — 27,2% і 14,1% ад агульнай лічбы па краіне.
Сёлета ў красавіку МВФ палепшыў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2018 годзе: 2,8% замест раней акрэсьленых 0,7%. Паводле прагнозу МВФ, у 2019 годзе ВУП Беларусі складзе 2,4%. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер — ня большай за 6%.
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця чакае, што беларуская эканоміка ў 2018 годзе вырасьце на 3%. Усясьветны банк прагназуе рост ВУП на 2,9% у 2018 годзе, 2,7% — у 2019-м і 2,5% — у 2020 годзе.
На 2018 год Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу росту ВУП на 3,5%. У 2017 годзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,4%. Прагноз росту на 2017 год быў меншы — 1,7%. ВУП Беларусі падаў два гады запар: мінус 3,8% за 2015 год, мінус яшчэ 2,5% за 2016-ты.
Валавы ўнутраны прадукт — макраэканамічны паказьнік, які адлюстроўвае рынкавы кошт выпушчаных тавараў і аказаных паслуг за год ва ўсіх галінах эканомікі.