Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік АБСЭ заклікаў беларускія ўлады перагледзець закон аб СМІ


Ілюстрацыйнае фота. Старонка заблякаванага ў Беларусі інтэрнэт-сайту
Ілюстрацыйнае фота. Старонка заблякаванага ў Беларусі інтэрнэт-сайту

Прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ Арлем Дэзірэ занепакоены ўнясеньнем зьменаў у беларускае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Заяву Дэзірэ распаўсюдзіла 18 чэрвеня прэс-служба АБСЭ, паведамляе БелаПАН.

«Прыняцьце гэтых паправак пасылае трывожны сыгнал аб свабодзе СМІ і плюралізьме», — падкрэсьліў Дэзірэ.

«Я заклікаю беларускія ўлады старанна перагледзець закон і прывесьці яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі і абавязаньнямі АБСЭ ў дачыненьні да свабоды выказваньня меркаваньняў і свабоды сродкаў масавай інфармацыі», — дадаў ён.

У прыватнасьці, у АБСЭ асудзілі пункты законапраекту, якія тычацца абмежаваньняў на заснаваньне СМІ іншаземцамі. Дэзірэ таксама адзначыў, што закон працягвае забараняць замежным журналістам працаваць без акрэдытацыі ў МЗС, нягледзячы на заклікі АБСЭ спыніць гэтую практыку.

Акрамя таго, папраўкі да закона прадстаўляюць Міністэрству інфармацыі строгі кантроль над усімі онлайн-рэсурсамі, падкрэсьліваецца ў заяве.

«Ні адно міністэрства не павінна валодаць выключнай уладай для блякаваньня доступу да любога онлайн-рэсурсу без рашэньня суда. Выдаленьне кантэнту павінна патрабаваць судовага нагляду», — адзначыў Дэзірэ.

Падводныя камяні новага закону аб СМІ

«Многія з палажэньняў зьяўляюцца празьмернымі і непрапарцыйнымі і могуць прывесьці да абмежаваньня свабоды выказваньня меркаваньняў, у тым ліку да таго, што грамадзяне застаюцца ананімнымі ў інтэрнэце», — сказаў Дэзірэ.

Паводле яго, уладальнікі вэб-рэсурсаў будуць абавязаныя «аналізаваць» увесь кантэнт, бо паводле закону, яны мусяць несьлі адказнасьць за прадухіленьне распаўсюджваньня непраўдзівай інфармацыі, а таксама калі на іх рэсурсах зьяўляюцца камэнтары карыстальнікаў, якія не прайшлі папярэднюю ідэнтыфікацыю, як гэта вызначана дзяржавай.

Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. У параўнаньні з прынятай у першым чытаньні рэдакцыяй законапраект утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў у галіне інтэрнэту, у прыватнасьці пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена, абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў і абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.

Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ

Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай. Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але калі параўноўваць канчатковы варыянт з варыянтам 1-га чытаньня, то прынцыповых зьменаў у ім амаль няма. Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG