22-гадовага Арцёма Бердніка з Капыльскага раёну абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, гвалце ў дачыненьні падначаленых і хабары. Ён быў камандзірам падразьдзяленьня ў частцы № 43064 у Печах, дзе ў верасьні 2017 году трагічна загінуў Аляксандар Коржыч. Але справа Бердніка да расьсьледаваньня сьмерці Коржыча ня мае дачыненьня.
Працэс у раённым судзе гораду Барысава вядзе судзьдзя Алена Курганава.
Арцём Берднік нарадзіўся і жыве ў вёсцы ў Капыльскім раёне. На пытаньні падчас працэсу адказвае вельмі неразборліва. Чацьвёра пацярпелых — на пару гадоў маладзейшыя салдаты-шарагоўцы. Самы часты адказ на пытаньні ў абвінавачанага і ў пацярпелых: «Ня памятаю».
Бердніка абвінавачваюць у гвалце ў дачыненьні салдат тэрміновай службы (паводле ч. 1 арт. 455, ч. 2 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Абвінавачаньне лічыць, што Берднік браў з салдат хабар цыгарэтамі і кавай.
Таксама ён меркавана забіраў у салдат мабільныя тэлефоны з доступам у інтэрнэт. Трымаў іх у сябе, карыстаўся мабільнай сувязьзю і інтэрнэтам. Мабільны тэлефон стаў прычынай канфлікту з адным з падначаленых, падчас якога, мяркуе абвінавачаньне, Берднік ударыў салдата і разьбіў яму губу.
Агучаныя абвінавачаньні — цыгарэты «Кэмэл», кубкі з распушчальнай кавай і 5 пакецікаў «Нэскафэ» — могуць прагучаць несур’ёзна. Агульная сума хабару складае 33 рублі 17 капеек. Аднак артыкул прадугледжвае да 7 гадоў пакараньня.
Падсудны вінаватым сябе ня лічыць
Арцём Берднік вінаватым сябе ня лічыць. Кажа, што салдаты самі прыносілі яму цыгарэты і каву. На пытаньне абвінаваўцы, як ён да гэтага ставіўся, адказвае: «Проста».
Трое з пацярпелых салдатаў прысутнічаюць сёньня на працэсе. Заяўляць грамадзянскую позву да Бердніка яны адмовіліся.
На момант меркаванага ўчыненьня Берднікам злачынстваў мабільныя тэлефоны былі афіцыйна забароненыя ў войску. Карыстацца самымі простымі мабільнымі апаратамі салдатам дазвалялася толькі па нядзелях.
Паводле агучаных матэрыялаў справы, выглядае, што сяржант Берднік адбіраў у салдат мабільныя тэлефоны, а ўзамен даваў ім тэлефанаваць і карыстацца інтэрнэтам у забаронены час і не паведамляў пра парушэньні камандаваньню. У гэты час ён сам карыстаўся тэлефонамі. Кажа: «Тэлефанаваў сваякам, дзяўчыне і выходзіў у інтэрнэт».
Паводле сваіх службовых абавязкаў, Берднік меўся адсочваць, ці не парушаюць салдаты правілы карыстаньня мабільнымі тэлефонамі. На пытаньне абвінаваўцы, чаму дазваляў салдатам тэлефанаваць, адказвае: «Калі па патрэбе, то трэба даць».
Сам Берднік сьцьвярджае, што тэлефоны не адбіраў, а «прасіў пазваніць». Аднак тэлефоны заставаліся ў яго на некалькі дзён.
Пацярпелы: «Быў вельмі расхваляваны пасьля справы Коржыча»
У першую палову дня заслухалі паказаньні аднаго з пацярпелых. 20-гадовы салдат са Жлобіну адказвае на пытаньні гэтаксама ціха і неразборліва. Кажа, што Бердніка не баяўся, а тэлефон даваў яму «проста пазваніць». Яшчэ гадзіна ідзе ў судзе на тое, каб высьветліць, чаму падчас сьледзтва салдат неаднаразова заяўляў, што даваў тэлефон сяржанту за магчымасьць карыстацца ім у забаронены час.
Заяўляецца, што гэтая справа не зьвязаная з расьсьледаваньнем абставінаў сьмерці Аляксандра Коржыча. Аднак выяўленыя злачынствы адбываліся ў частцы, у якой служыў сам Коржыч, і ў час ягонай службы (зь ліпеня па кастрычнік 2017 году). Самога Бердніка затрымалі 11 сьнежня 2017 году. Імя Коржыча гучыць і ў паказаньнях пацярпелага ад лютага 2018, якія зачытвае пракурор. Пацярпелы ў іх заяўляе, што ў лютым дае больш дакладныя паказаньні, бо «пасьля справы Аляксандра Коржыча быў вельмі расхваляваны».
У залю суду прывялі некалькі дзясяткаў салдат зь іншых частак.
«У нашай частцы ўсё ня так страшна, як у іх», — кажуць салдаты, маючы на ўвазе 72-й АВЦ у Печах. Яны мяркуюць, што камандаваньне самога Бердніка не магло ня ведаць пра сытуацыю ў ягоным падразьдзяленьні. Паводле новага ўказу Міністэрства абароны, карыстацца мабільнымі тэлефонамі без доступу ў інтэрнэт можна ў вольны час. Яны знаходзяцца ў саміх салдатаў, здаваць іх ня трэба.
Арцёма Бердніка затрымалі 11 сьнежня 2017 году. Разгляд ягонай справы не зьвязаны са справай аб давядзеньні да самагубства Аляксандра Коржыча, які, аднак, служыў у той жа частцы.
Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў Беларусі праверылі на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў беларускай арміі.
Былі заведзеныя крымінальныя справы і прайшлі ўжо 2 суды за службовыя злоўжываньні, зьдзекі з салдатаў, атрыманьне хабару ды іншыя злачынствы ў Печах. Былому начальніку фізычнай падрыхтоўкі 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах Дзьмітрыю Кісялару прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня, а прапаршчыка Ігара Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах пакаралі 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня.
19 красавіка ў суд Барысаўскага раёну паступілі яшчэ тры крымінальныя справы аб вайсковых злачынствах, не зьвязаных са справай Коржыча.