24 чэрвеня, на 17 месяцаў раней вызначанай даты, у Турэччыне адбудуцца датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Аб іх правядзеньні ў красавіку абвясьціў прэзыдэнт краіны Рэджэп Эрдаган.
Прычына пераносу даты выбараў
Афіцыйнай прычынай Эрдаган назваў неабходнасьць перайсьці «да сыстэмы моцнай прэзыдэнцкай улады» і пазбавіцца ад «заганаў старой сыстэмы».
Абвясьціўшы датэрміновыя выбары, Эрдаган імкнуўся рэалізаваць свае перавагі і быў упэўнены, што возьме рашучую перамогу над супернікамі. Падставы так лічыць у яго былі: раней, у 2017 годзе, ён выйграў рэфэрэндум аб падаўжэньні тэрмінаў свайго кіраваньня, а таксама аб злучэньні пасады і паўнамоцтваў прэзыдэнта і прэм’ера-міністра.
Ухваленая на рэфэрэндуме канстытуцыйная рэформа павінна ўступіць у сілу адразу пасьля новых выбараў. Нядзіўна, што Эрдаган вырашыў «прысьпешыць» падзеі, каб узмацніць свае паўнамоцтвы раней за належны тэрмін.
Але апошнія апытаньні грамадзкай думкі схіляюцца на карысьць таго, што падставы разьлічваць на перамогу ёсьць не ў Эрдагана, але ў яго супернікаў.
Супернікі Эрдагана, хто яны
Супраць двухпартыйнай кааліцыі Эрдагана, якая складаецца з Партыі справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР) і Партыі нацыяналістычнага руху (ПНД), склалася шырокая чатырохпартыйная кааліцыя.
Яна прадстаўлена:
- сьвецкай нацыяналістычнай партыяй сацыял-дэмакратычнага кірунку РНП (Рэспубліканская народная партыя),
- лібэральнымі сьвецкімі нацыяналістамі з Добрай партыі (ДП),
- лібэрал-дэмакратамі з Дэмакратычнай партыі (ДП)
- ісламістамі з Партыі шчасьця (ПС), апазыцыйнай Эрдагану
Кантрольны пакет у кааліцыі знаходзіцца ў руках сьвецкіх нацыяналістаў з РНП і Добрай партыі.
Кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта ад кааліцыі сталі рэспубліканец і мусульманін-суніт Мухарам Інджэ і папулярная ў Турэччыне лідэр Добрай партыі Мэраль Акшэнэр.
Украінскі журналіст Асман Пашаеў лічыць, што Эрдаган прызначыў датэрміновыя выбары шмат у чым для таго, каб не дапусьціць Акшэнэр у вялікую палітыку. У прыватнасьці, каб пазбавіць яе часу, неабходнага для збору патрэбнай колькасьці подпісаў, патрэбных для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата на выбарах. Але Акшэнэр пераадолела ўсе перашкоды.
Акшэнэр нядоўга была міністрам унутраных спраў у кааліцыйным урадзе ісламіста Нэджмэтына Эрбакана ў другой палове 90-х гадоў, прытым што сама прадстаўляла ва ўрадзе правых лібэралаў. Пазьней яна абіралася ў парлямэнт ад нацыяналістаў, але папулярнай стала ў 2015 годзе, калі лідэр партыі нацыяналістаў Дэвлет Бахчэлі адмовіўся ўключаць яе ў перадвыбарчы сьпіс.
«Яна была адзінай яркай жанчынай у самой мужчынскай партыі Турэччыны. Два тэрміны працавала віцэ-сьпікерам парлямэнту і за безумоўнае выкананьне рэглямэнту атрымала публічную падзяку нават ад палітычных ворагаў-курдаў», — заўважае Пашаеў.
Абодва лідэры апазыцыі пазыцыянуюць сябе як сьвецкія палітыкі. Але важна адзначыць, што ні Інджэ, ні Акшэнэр пры гэтым не настроеныя па-антыісламску, але жанчына-палітык да таго ж мае вопыт супрацоўніцтва з ісламістамі. Таму ёсьць верагоднасьць, што ім удасца адцягнуць ад Эрдагана таксама частка прыхільнікаў палітычнага ісламу, апазыцыйнага цяперашняму прэзыдэнт. А, магчыма, і ў цэлым прыцягнуць на свой бок нейкую частку кансэрватыўных выбарцаў.
Палітолягі лічаць, што Інджэ ў першым туры выбараў, хутчэй за ўсё, набярэ менш галасоў, чым Эрдаган, але больш, чым Акшэнэр. Але ў другім туры Інджэ мае шанцы перамагчы Эрдагана, калі яму ўдасца кансалідаваць галасы апазыцыі.
Чаму яны могуць перамагчы
Вынікі рэфэрэндуму 2017 года паказалі, што Эрдаган перамог за кошт галасоў глыбінкі, у прыватнасьці, яе рэлігійнага насельніцтва. Але большасьць буйных гарадоў (Стамбул, Анкара і Ізьмір) працягвае заставацца пераважна сьвецкай і выступае супраць прэзыдэнта.
Гараджан раздражняе згортваньне правоў чалавека, ўкараненьне рэлігійных прынцыпаў у сыстэму адукацыі (урад Турэччыны ўвёў у школах абавязковы курс суніцкага ісламу «Культура рэлігіі і пазнаньня маралі», які школьнікі вывучаюць ужо з чацьвёртай клясы), рост колькасьці навучэнцаў у рэлігійных школах, заклікі да адмовы ад кантрацэпцыі, а таксама праверка на прыхільнасьць да ісламу перад паступленьнем на дзяржаўную службу.
Сотні афіцэраў, некалі звольненыя за ісламісцкія ідэі, аднаўляюцца ў войску.
Таксама прэзыдэнт прайграў рэфэрэндум у самых маладых выбаршчыкаў. Калі ў цэлым па краіне Эрдагана падтрымалі 51,5% (48,5% выступілі супраць яго), то сярод тых, хто галасаваў першы раз (гэта значыць дасягнулі 18 гадоў), колькасьць праціўнікаў прэзыдэнта склала 58%.
Калі ў цэлым па краіне Эрдагана падтрымалі 51,5% (48,5% выступілі супраць яго), то сярод тых, хто галасаваў першы раз (гэта значыць дасягнулі 18 гадоў), колькасьць праціўнікаў прэзыдэнта склала 58%
Калі неўзабаве пасьля рэфэрэндуму француская кампанія Ipsos правяла сацыялягічнае апытаньне, яго вынікі пацьвердзілі, што Эрдаган паступова губляе выбаршчыкаў. З улікам таго, што кожны год прыблізна 1 мільён жыхароў Турэччыны дасягаюць ўзросту, які дазваляе ім прымаць удзел у выбарах, час працуе супраць Эрдагана і на яго праціўнікаў.
Памяншае колькасьць прыхільнікаў Эрдагана і урбанізацыя: як і ўсюды, насельніцтва Турэччыны паступова перамяшчаецца зь невялікіх гарадоў і вёсак у мэгаполісы.
Супраць Эрдагана выступае таксама эканамічная сытуацыя. Хоць у 2017 годзе рост ВУП дасягнуў 7,4% супраць 3,2% у 2016 годзе, у Турэччыне высокае беспрацоўе: паводле статыстыкі амэрыканскіх уладаў, яно складае каля 11,2%. Курс турэцкай ліры з 2014 году таксама ўпаў: амаль у два разы адносна эўра і амаль у тры разы адносна даляра ЗША.
Акрамя гэтага, шырокая хваля палітычных рэпрэсій, якая ў Турэччыне пачалася летам 2016 году пасьля няўдалага перавароту і працягваецца да гэтага часу, выклікала пытаньні ў інвэстараў.
Зь ліпеня 2016 году па сакавік 2017 году тры вядучыя сусьветныя рэйтынгавыя агенцтвы панізілі крэдытныя рэйтынгі краіны, спасылаючыся як на заклапочанасьць наконт вяршэнства закону, так і на тэмпы эканамічных рэформаў. А паніжэньне рэйтынгаў азначае як прамое памяншэньне замежных інвэстыцый, так і тое, што Турэччыне і турэцкім кампанія больш ня ўдасца прыцягваць на міжнародных рынках танныя крэдытныя грошы.
Нарэшце, шмат хто ў Турэччыне проста стаміўся ад Эрдагана, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо 16 гадоў.
Ці будуць выбары сумленнымі?
Заходнія і апазыцыйныя палітолягі мелі сур’ёзныя падставы лічыць, што падчас рэфэрэндуму 2017 году рэжым Эрдагана мог аказаць і аказваў уплыў на ход галасаваньня. Перш за ўсё гэта датычыцца каля 500 тысяч курдзкіх грамадзян, якія зьяўляюцца ўцекачамі. Большасьць зь іх, верагодна, выступілі б супраць канстытуцыйных паправак, прапанаваных Эрдаганам, але ім не далі гэтага зрабіць: шмат хто проста ня змог зарэгістравацца як выбаршчыкі.
Былі і іншыя парушэньні. У дзень галасаваньня незалежным назіральнікам рэгулярна забаранялі наведваць выбарчыя ўчасткі. Яшчэ больш істотна тое, што Найвышэйшая Камісія па выбарах (YSK) дазволіла ўлічваць карткі для галасаваньня, на якіх не было афіцыйнай пячаткі. Падобныя рэчы могуць адбыцца і 24 чэрвеня, мяркуюць палітолягі, якіх апытала агенцтва Reuters.