Генэральная пракурорка штату Нью-Ёрк паведаміла, што падае ў суд на прыватны дабрачынны фонд прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, абвінаваціўшы гэты фонд у «неаднаразовай незаконнай дзейнасьці».
Пракурорка Барбара Андэрвуд абвясьціла пра судовы пазоў 14 чэрвеня. Паводле пазову, фонд Трампа парушаў законы штату і фэдэральныя законы, бо яго сродкі выкарыстоўваліся, каб плаціць па юрыдычных абвязаньнях Трампа і фінансаваць ягоную прэзыдэнцкую кампанію.
У пазове суд просяць ліквідаваць базаваны ў Нью-Ёрку дабрачынны фонд.
Прэзыдэнт ЗША назваў пазоў «сьмяхотным» і напісаў у Твітэры, што ня пойдзе на пазасудовую дамову.
Цяперашні пазоў — адна зь некалькіх юрыдычных праблем зь якімі сутыкнуўся Трамп і ягонае атачэньне апошнім часам. Прэзыдэнцтва Трампа азмрочвае расьсьледаваньне сувязяў ягонага перадвыбарчага штабу з Масквой і магчымага перашкоджаньня правасудзьдзю (расьсьледаваньнем кіруе спэцпракурор Робэрт Мюлер, яно працягваецца ўжо больш за год). Сам Трамп неаднаразова адпрэчваў гэтыя абвінавачваньні.
У красавіку агенты ФБР правялі ператрус у нью-ёркскім офісе Майкла Коэна, асабістага адваката Дональда Трампа. Падчас ператрусаў былі канфіскаваныя матэрыялы перапіскі паміж Коэнам і ягонымі кліентамі.
Майкл Коэн апынуўся ў цэнтры грамадзкай увагі пасьля таго, як прызнаўся ў выплаце 130 тысяч даляраў порнаакторцы Стормі Дэніелс усяго за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў у 2016 годзе. Выплата прызначалася для таго, каб Дэніэлс не выдавала сваю сувязь з Трампам, якая мела месца неўзабаве пасьля таго, як Мэланія Трамп нарадзіла сына.