На сайце Talaka.by запусьціўся збор грошай на новы праектар для менскага плянэтарыя, бо старыя «вычарпалі свой рэсурс».
Як піша загадчык плянэтарыю Аляксандар Мікуліч, 12,3 тысячы рублёў патрэбныя для 4 праектараў Aser H7550ST фармату FullHD дзеля «поўнага купалу», які падобны па якасьці карцінкі да IMAX-кінатэатраў. Разам праектары дадуць разрозьненьне 3K, высокую яскравасьць і кантрастнасьць карцінкі – «космас стане яшчэ рэалістычнай і бліжэй», кажуць арганізатары збору грошай.
Паглядзець сфэрычныя фільмы (такія, калі карцінка і сьпераду ад гледача, і ззаду, і над галавой) ў плянэтарыі можна і цяпер — там дэманструюцца як дакумэнтальныя фільмы пра тэлескопы, цёмную матэрыю або чорныя дзіры, так і дзіцячыя мультфільмы пра космас. Акрамя кіно ў плянэтарыі ладзяць таксама публічныя лекцыі навукоўцаў і «экскурсіі па зорным небе».
За ўнёсак у 8 рублёў можна атрымаць адзін квіток на любы сэанс у плянэтарыі, за 18 рублёў — квіток і права прыйсьці на сэанс з пап-корнам, што звычайна забаронена, за 100 рублёў — клюбную картку плянэтарыя з правам праходу на любы сэанс цягам году, за большыя сумы — рэкляму і брэндаваньне.