Беларускі ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча зь верасьня распачынае курсы падрыхтоўкі да цэнтральнага тэставаньня.
Пра гэта паведамілі заснавальнікі ВНУ падчас прэзэнтацыі збору матэрыялаў Міжнароднай канфэрэнцыі «Нацыянальны ўнівэрсытэт у ХХІ стагодзьдзі: місія і выклікі».
«Наш унівэрсытэт будзе таксама займацца выдавецкай дзейнасьцю і іншымі накірункамі. Курсы будуць беларускамоўныя, замежныя мовы будуць выкладацца празь беларускую, — заявіў рэктар унівэрсытэту Алег Трусаў. — Гэтаксама, як гэта плянуецца і ў навучальным працэсе: беларускамоўнае навучаньне з выкладаньнем шэрагу дысцыплін на замежных мовах — так, як у большасьці прэстыжных унівэрсытэтаў, калі траціна дысцыплін на старэйшых курсах выкладаецца на замежных мовах. Уся неабходная навукова-выкладчыцкая база для гэтага ў нас ёсьць».
Паводле Трусава, штат выкладчыкаў Беларускага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча будзе фармавацца пасьля атрыманьня ліцэнзіі на выкладаньне.
Унівэрсытэт прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю 15 сакавіка 2018 году. 12 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі Беларусі прайшлі перамовы аб наданьні ліцэнзіі на выкладаньне.
«Дзесьці мы маем дакладныя адказы на пытаньні, дзесьці бачым бюракратычныя перашкоды, а дзесьці — прынцыповае нежаданьне бачыць нас на гэтым адукацыйным полі. Але дзеля таго, каб унівэрсытэт працаваў у Беларусі і дзеля Беларусі, супольнымі намаганьнямі гэтая праца будзе зробленая», — заявіла старшыня Таварыства беларускай мовы дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Падчас прэзэнтацыі збору матэрыялаў Міжнароднай канфэрэнцыі заснавальнікі Беларускага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча таксама паведамілі, што днямі распачынае працу ўнівэрсытэцкі інтэрнэт-сайт nhu.by, празь які можна даведацца пра ўсе апошнія навіны з жыцьця ВНУ.
Навучаньне ў Беларускім унівэрсытэце імя Ніла Гілевіча мае быць платным. Плата будзе ніжэйшай, чым у дзяржаўных ВНУ. Адміністрацыйны апарат будзе мінімальным. А дзеля запатрабаванасьці сярод студэнтаў, як падкрэсьліў экспэрт грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар-этноляг Павал Церашковіч, унівэрсытэт плянуе рыхтаваць спэцыялістаў, якіх не навучаюць у дзяржаўных ВНУ і якіх бракуе ў Беларусі: у галіне міжнароднага краіназнаўства, гісторыка-культурнай спадчыны, сучаснай электроннай журналістыкі, літаратурнага пісьменства, урбаністыкі, ІT-тэхналёгіяў і бізнэс-мэнэджэмэнту.