У інтэрнэце зьявілася пэтыцыя супраць закрыцьця дзіцячага дома і мясцовай школы ў вёсцы Вялікія Лётцы Віцебскага раёну.
Ініцыятары звароту кажуць пра парушэньні, празь якія могуць пацярпець выхаванцы расфармаваных установаў.
Зьвесткі пра тое, што сёлета будзе закрыты Вялікалятчанскі дзіцячы дом і мясцовая базавая школа, выклікалі шырокі розгалас. Школьнікі зь Вялікіх Лётцаў, дзе абсалютная бальшыня — менавіта выхаванцы дзіцячага дома, былі пераможцамі розных нацыянальных і міжнародных конкурсаў.
У дзіцячым доме 84 гадаванцы, тут створана адмысловая выхаваўчая сыстэма, калі дзеці жывуць групамі па 10-12 чалавек, прычым біялягічныя браты і сёстры гадуюцца разам пад наглядам пары выхавальнікаў, жанчыны і мужчыны, якіх часам нават называюць «мама і тата».
Аднак, паводле рашэньня ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму, дзіцячы дом хочуць закрыць з эканамічных прычынаў: на яго бракуе фінансаваньня. Ініцыятары збору подпісаў лічаць, што страта двух значных сацыяльных аб’ектаў прывядзе да заняпаду вёскі, якая мае вялікі турыстычны патэнцыял, бяз працы застануцца больш як 150 чалавек — настаўнікаў, выхавальнікаў, тэхнічных работнікаў. Але галоўнае, на што зьвяртаюць увагу складальнікі пэтыцыі — гэта парушэньні правоў дзяцей у выніку закрыцьця.
У пэтыцыі гаворыцца, што, згодна з пастановай Міністэрства адукацыі № 124, падчас разьмеркаваньня ў дзіцячыя дамы мусіць улічвацца жаданьне выхаванца. Аднак пэўную колькасьць дзяцей зь Вялікіх Лётцаў плянуюць разьмеркаваць па прыёмных сем’ях бяз згоды выхаванцаў-падлеткаў.
Згодна з той жа пастановай, родныя браты і сёстры мусяць выхоўвацца разам, у адной дзіцячай установе. Аднак складальнікі пэтыцыі сьцьвярджаюць, што і гэтая заканадаўчая норма ігнаруецца, калі вядзецца пра пераразьмеркаваньне 84 выхаванцаў Вялікалятчанскага дзіцячага дома.
Складальнікі пэтыцыі ўздымаюць пытаньне і пра тое, чаму вырашылі расфармоўваць самы «населены» дзіцячы дом, а ня тыя, дзе на сёньняшні дзень утрымліваюцца ад 15 да 25 выхаванцаў. Менавіта ў такія дзіцячыя дамы зьбіраюцца пераразьмеркаваць выхаванцаў зь Вялікіх Лётцаў.
Пэтыцыю, адрасаваную ў Міністэрства адукацыі і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, за першыя ж суткі падпісалі каля 900 чалавек.