Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо ня самыя пітушчыя. Беларусь перайшла з 2 на 27 месца ў рэйтынгу спажываньня алькаголю

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак (PDF) Усясьветнай арганізацыі здароўя (WHO) на 2016 год — найбольш актуальных на сёньня — беларусы выпіваюць 11,2 літра ўмоўнага сьпірту на год і значна адстаюць ад самых пітушчых у сьвеце — малдаванаў і літоўцаў, якія выпіваюць па 15 літраў.

Раней WHO ставіла (PDF) беларусаў на другое месца ў сьвеце пасьля літоўцаў з 16,4 літры ўмоўнага сьпірту на чалавека на год. Але ў ранейшых табліцах выкарыстоўваліся прагназаваныя ацэначныя паказьнікі (projected estimates), цяпер — супастаўляльныя ацэнкі (comparable estimates).

Лічбы WHO адрозьніваюцца таксама ад беларускай дзяржаўнай статыстыкі, бо беларусы дзеляць спажыты алькаголь на ўсіх жыхароў краіны, а міжнародная статыстыка — толькі на людзей ад 15 год.

У 2008–2010 гадах, паводле зьвестак WHO (PDF), беларусы былі самай пітушчай нацыяй у сьвеце з 17,5 літра умоўнага сьпірту на чалавека на год, пры гэтым мужчыны спажывалі 27,5 літра, жанчыны — 9,1 літра.

Паводле цяперашніх лічбаў за 2016 год, беларусы толькі на 27-м месцы са спажываньнем алькаголю на ўзроўні Вялікай Брытаніі, Вугоршчыны, Андоры і Экватарыяльнай Гвінэі (11,3–11,4 літра, 23–26 месцы), Сэрбіі і Кіпру (10,8–11,1 літра, 29–30 месцы).

У лідэрах цяпер Малдова (15,2 літра ўмоўнага сьпірту на чалавека на год), Літва (15,0), Чэхія (14,4), Нямеччына (13,4) і Нігерыя (13,4). Суседняя Латвія на 8-м месцы з 12,9 літра, Расея на 16-м месцы з 11,7 літра, Польшча на 17–19 месцы з 11,6 літра.

Нягледзячы на зьмену пазыцыяў у рэйтынгу, наўрад ці праблемы Беларусі з алькаголем можна лічыць вырашанымі: ад алькагольнага атручваньня за першыя пяць месяцаў бягучага году памерлі 600 чалавек, са 160 тысяч алькагольна залежных 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі штогод. З алькагольных акцызаў у дзяржаўны бюджэт за мінулы год мусіла паступіць каля мільярда даляраў.

Таксама, паводле WHO, у 2016 годзе ў Беларусі курылі тытунь 46,1% мужчынаў і 10,5% жанчынаў — яшчэ не рэкорд, але больш за сярэднеэўрапейскі паказьнік.

Але беларусы — лідэры ў долі сьмерцяў ад самагубстваў з 26,2 самагубства на 100 тысяч чалавек. Больш толькі ў Паўднёвай Карэі (26,9), Гаяне (29,2), Расеі (31,0) і Літве (31,9). Паказьнік Японіі, якая мае пэўную дурную славу праз высокую колькасьць суіцыдаў, значна ніжэйшы – 18,5 самагубстваў на 100 тысяч чалавек.

Чаканая працягласьць жыцьця пры нараджэньні складала 74,2 года (68,8 для мужчынаў і 79,2 для жанчынаў), зь іх чакаецца 65,5 год здаровага жыцьця.

«Маці спытала, колькі трэба гарэлкі, каб я здох». Гісторыі вылячэньня ананімных алькаголікаў

Міліцыя Берасьцейшычы накіроўвала ў ЛПП бяскрыўдных, а ня хатніх агрэсараў, — пракуратура

Як Літве ўдалося адчувальна зьнізіць продаж алькаголю і атрымаць больш грошай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG