За першыя пяць месяцаў гэтага году ад атручэньня алькаголем загінулі 600 чалавек, зь іх толькі 50 ужывалі сурагаты.
Пра гэта сказаў 12 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Алег Каразей, перадае Інтэрфакс.
Паводле Каразея, для эфэктыўнай прафіляктыкі алькагалізму і злачыннасьці ў краіне патрабуецца абмежаваньне рэалізацыі алькаголю. Таксама МУС прапаноўвае павялічыць узрост, зь якога дазволена набываць алькаголь.
Выпадкі атручэньня сурагатам былі і раней
У канцы сакавіка групавое атручэньне сурагатам адбылося ў Слуцкім раёне — памерлі пяць чалавек. У Менскім раёне двое загінулі пасьля ўжываньня «сьпіртазьмяшчальнай вадкасьці сіняга колеру». 14 кастрычніка мінулага году на барысаўскім прадпрыемстве «Фаўна» пяць работніц атруціліся невядомай вадкасьцю, паведамляе tut.by.