Злучаныя Штаты адкрылі на Тайвані новы супэрсучасны будынак, якое служыць дэ-факта пасольствам Вашынгтона на самакіраваным востраве, які КНР лічыць часткай сваёй тэрыторыі.
На адкрыцьці новага будынка Амэрыканскага інстытута ў Тайбэі, будаўніцтва якога абыйшлося ў 256 мільёнаў даляраў, прысутнічалі прэзыдэнтка Тайваня Цай Інвэнь, памочнік дзяржсакратара Мары Ройс і іншыя высокапастаўленыя афіцыйныя асобы. Будынак служыць для прадстаўленьня амэрыканскіх інтарэсаў на востраве пры адсутнасьці фармальных дыпляматычных адносін з Тайванем.
Адкрыцьцё аб’екта выклікала незадаволенасьць Пэкіна. Афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных справаў КНР Гэн Шуань заклікаў ЗША трымацца «палітыкі аднаго Кітая» і не псаваць двухбаковыя адносіны, а таксама аберагаць «мір і стабільнасьць» у тайваньскім праліве.
Раскол паміж Кітаем і Тайванем адбыўся пасьля таго, як камуністы Мао Цзэдуна выціснулі нацыяналістаў з кантынэнтальнай тэрыторыі краіны падчас грамадзянскай вайны 1949 года, аднак Пэкін паабяцаў вярнуць Тайвань пад свой кантроль, пры неабходнасьці — сілай.
Пэкін спыніў кантакты з Тайбэем пасьля таго, як у 2016 годзе Цай Інвэнь, лідэр Дэмакратычнай прагрэсыўнай партыі, была абраная прэзыдэнткаю і адмовілася прызнаць Тайвань часткай Кітая. Пэкін заклікаў іншыя краіны разарваць дыпляматычныя адносіны з Тайванем і ўзмацніў ваенную прысутнасьць у рэгіёне, праводзячы ваенна-марскія і ваенна-паветраныя вучэньні ў Тайваньскім праліве.
ЗША спынілі фармальныя дыпляматычныя сувязі з Тайванем ў 1979 годзе, прызнаўшы камуністычны ўрад Пэкіна адзіным у рамках «палітыкі адзінага Кітая». Аднак амэрыканскія заканадаўцы працягвалі лабіраваць у падтрымку Тайваня, а Вашынгтон працягвае прадаваць яму зброю на мільёны даляраў, насуперак пярэчаньням Кітая. У сакавіку прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў закон, які заахвочваў узаемадзеяньне з Тайванем на высокім узроўні.