Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: ні сябры, ні ворагі не павінны выкарыстоўваць ЗША для сваіх інтарэсаў у гандлі


Ангела Мэркель і Дональд Трамп падчас саміту G7 у Канадзе, 9 чэрвеня 2018
Ангела Мэркель і Дональд Трамп падчас саміту G7 у Канадзе, 9 чэрвеня 2018

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў панядзелак абрынуўся з новай крытыкай на гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў, у тым ліку на эўрапейскіх саюзьнікаў і Канаду, пасьля ўжо зробленых ім заяваў аб тым, што ЗША больш ня будуць мірыцца з «гандлёвымі злоўжываньнямі». Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі.

«Прабачце, але мы больш ня можам дазволіць нашым сябрам ці ворагам выкарыстоўваць нас для дасягненьня сваіх інтарэсаў у гандлі, — напісаў ён у Твітэры. — Мы павінныя ставіць амэрыканскіх работнікаў на першае месца!»

Гэта быў адзін твіт у цэлай сэрыі, у якой Трамп, у прыватнасьці, заявіў, што ЗША «нясуць амаль усе выдаткі ў NATO», у той час як іншыя чальцы альянсу дапускаюць злоўжываньні ў гандлі з ЗША дзеля сваіх інтарэсаў.

«Мы абараняем Эўропу (што добра) коштам вялікіх фінансавых стратаў, а потым яны б’юць па нас у гандлі, — напісаў ён. — Будуць перамены!»

Трамп апублікаваў свае твіты падчас знаходжаньня ў Сынгапуры, куды ён прыехаў на саміт з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам пасьля ўдзелу ў сустрэчы лідэраў «Вялікай сямёркі» ў Канадзе.

Двубой Трудо-Трамп

Пасьля адʼезду Трампа прэмʼер-міністар Канады Джастын Трудо назваў рашэньне Трампа аб увядзеньні мыта на алюміній і сталь «абразьлівым», улічваючы даўнюю гісторыю падтрымкі Злучаных Штатаў канадзкімі войскамі ў канфліктах.

Трудо паабяцаў увесьці ў адказ мыта на амэрыканскія тавары ўжо з 1 ліпеня.

Знаходзячыся ў самалёце, Трамп даручыў прадстаўнікам ЗША не падпісваць заключнае камюніке саміту і абвінаваціў Трудо ў «ілжывых заявах на прэсавай канфэрэнцыі».

«Прэмʼер-міністар Канады Джастын Трудо быў так ціхі і лагодны на нашых пасяджэньнях G7 толькі для таго, каб даць прэсавую канфэрэнцыю пасьля майго адʼезду і заявіць, што амэрыканскае мыта ў пэўным сэнсе абразьлівые, і што ён "не дазволіць, каб ім памыкалі". Вельмі несумленна і слаба. Нашае мыта — гэта адказ на ягонае ў 270% на малочныя прадукты», — напісаў Трамп у Твітэры.

У панядзелак Трамп апублікаваў новы твіт, у якім напісаў «справядлівы гандаль цяпер будзе называцца дурным гандлем, калі ён не зьяўляецца ўзаемным». Прэзыдэнт ЗША заявіў, што Трудо «разыгрывае пакрыўджанага, калі яго прыцягваюць да адказу».

Трудо не адрэагаваў на крытыку з боку ЗША, замест гэтага абвясьціўшы аб посьпеху мінулага саміту.

«Гістарычнае і важнае пагадненьне, дасягнутае намі, дапаможа ўмацаваньню эканомік нашых краін і росквіту нашых народаў, абароне нашых дэмакратый, ахове нашага навакольнага асяродзьдзя, абароне правоў жанчын ва ўсім сьвеце. Вось што сапраўды мае значэньне», — заявіў Трудо.

Трамп і Эўропа

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла тэлеканалу ARD, што выказаная праз Твітэр адмова Трампа падпісаць камюніке зʼяўляецца досьведам, які «выцьверажае і засмучае».

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон асудзіў пазыцыю Трампа, заявіўшы, што «міжнароднае супрацоўніцтва ня можа залежаць ад дыктату прыступаў гневу і слоўных выпадаў». Ён назваў адмову Трампа падпісаць камюніке праявай «няўзгодненасьці і непасьлядоўнасьці».

Заўзяты крытык Трампа рэспубліканскі сэнатар Джон Маккейн выказаў падтрымку пазыцыі шасьці лідэраў на саміце ў Канадзе.

«Зьвяртаючыся да нашых саюзьнікаў, хачу сказаць, што большасьць прыхільнікаў абедзьвюх амэрыканскіх партый па-ранейшаму падтрымліваюць свабодны гандаль, глябалізацыю і саюзы, заснаваныя на 70-гадовай прыхільнасьці агульным каштоўнасьцям. Амэрыканцы падтрымліваюць вас, нават калі вас не падтрымлівае наш прэзыдэнт», — напісаў Маккейн у Твітэры.

Трудо і брытанская прэмʼерка Мэй выступілі супраць Трампа і па іншым пытаньні — адносінах з Расеяй. Трамп выступіў за тое, каб Расея зноў далучылася да «сямёркі» пасьля яе выключэньня зь «Вялікай васьмёркі» ў 2014 годзе ў сувязі з анэксіяй Крыму.

Паводле Трудо, ён «нават блізка не зацікаўлены» у тым, каб Расея далучылася да групы, якая абʼядноўвае сем найбольш разьвітых эканомік сьвету.

«Мы дамовіліся аб тым, каб быць гатовымі да ўвядзеньня далейшых абмежавальных мер супраць Расеі ў выпадку неабходнасьці», — дадала Мэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG