Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны збор грошай на надмагільны помнік дасьледніку рэпрэсій Леаніду Маракову


Леанід Маркоў, архіўнае фота
Леанід Маркоў, архіўнае фота

Паплечнікі Леаніда Маракова заклікаюць сабраць сродкі на помнік дасьледніку гісторыі сталінскіх рэпрэсій. Ад моманту ягонай сьмерці мінула паўтара года, а надмагільля няма, сама ж магіла Маракова на Заходніх могілках Менску размытая дажджамі.

Дзеці дапамагчы ня могуць, спадзеў на грамадзкасьць

Не заставацца абыякавымі да пісьменьніцкай спадчыны Леаніда Маракова заклікала актывістка Натальля Саматыя. Яна гатовая апекавацца як кампаніяй збору грошай, так і распрацоўкай праекту, выбарам выканаўцаў, падпісаньнем неабходных дакумэнтаў, аплатай паслуг.

Натальля Саматыя
Натальля Саматыя

«Магіла Леаніда Маракова ў жудасным стане, — адзначае Саматыя. — Нягледзячы на тое, што шмат было зроблена для ўладкаваньня тэрыторыі, сёньня патрабуецца радыкальнае ўмяшаньне. Усё трэба пасьпець зрабіць да наступленьня халадоў. Так склаліся жыцьцёвыя абставіны, што ягоныя дзеці ня могуць чымсьці дапамагчы: яны студэнты, знаходзяцца за мяжой, грошай няма. Пасьля сьмерці бацькі нічога не атрымалі, а маці — хворая жанчына, якая шмат гадоў лечыцца ў Навінках».

Леанід Маракоў пайшоў з жыцьця 17 сьнежня 2016-га ва ўзросьце 58 гадоў. Ён змагаўся з пухлінай мозгу, а да таго перажыў інсульт. На разьвітаньне ў менскім Петрапаўлаўскім саборы прыйшлі дзясяткі ягоных паплечнікаў, ён быў пахаваны пад бел-чырвона-белым сьцягам на Заходніх могілках сталіцы.

«Яго пакліканьне было ў тым, каб сказаць праўду пра жудасныя злачынствы», у Менску разьвіталіся зь Леанідам Мараковым

Леанід Маракоў паводле адукацыі інжынэр-радыёэлектронік. У 1990-я займаўся бізнэсам, заробленыя грошы патраціў на дасьледаваньне гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі.

Спачатку ён пачаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, паэта Валерыя Маракова — яго разам зь іншымі творцамі закатавала НКВД 29 кастрычніка 1937 году. Гэтая дата атрымала назву «ноч расстраляных паэтаў».

Вынікам працы Леаніда Маракова стала маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі — энцыкляпэдычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991». У дзесяцітамовіку сабраныя зьвесткі пра 20 тысяч «ворагаў народу».

Пачынаў з мастацкай прозы, стаў экспэртам у рэпрэсіях

Таксама Леанід Маракоў быў аўтарам кнігі «Ахвяры і карнікі», сыстэматызаваў зьвесткі пра рэпрэсаваных праваслаўных сьвятароў. Акрамя навуковых дасьледаваньняў, у творчым набытку мастацкая проза: раман «Непамяркоўныя. Трэцяя спроба», зборнікі апавяданьняў «Сшытак забітага кантрабандыста», «Яны ня ведалі». У 2014 годзе зьявілася ягоная манаграфія «Галоўная вуліца Менску. 1880–1940».

Вячаслаў Рагойша
Вячаслаў Рагойша

«Ён пачаў з прозы і выдаў некалькі выдатных кніг апавяданьняў. Другі аспэкт ягонай творчасьці ўвасобіўся ў 10 тамах матэрыялаў пра рэпрэсаваных у розныя гады, пачынаючы ад царскай Расеі і заканчваючы савецкім часам. Нават дзіўна, як ён здолеў раздабыць матэрыялы, у якіх зафіксавана, і калі быў арыштаваны чалавек, і за што, і паводле якога артыкулу. Менавіта з працы Леаніда Маракова я даведаўся, што мой дзядзька ў свой час быў рэпрэсаваны і памёр у Сыбіры. І гэта могуць сказаць многія», — так ацаніў спадчыну дасьледніка літаратуразнаўца, прафэсар Вячаслаў Рагойша.

Мая Кляшторная, дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага, ня толькі вывучыла ўсе творы Леаніда Маракова. Калі сям’я расстралянага «ворага народу» вярнулася з Сыбіры, адзіны чалавек, які не пабаяўся іх прыняць, быў ягоны дзед Дзьмітры.

Мая Кляшторная
Мая Кляшторная

«Чалавек — тэхнар, але павярнуўся да гэтай тэмы і пайшоў без аглядкі, зрабіў вялікую справу, — кажа Мая Тодараўна. — Хоць многія браліся, але не давялі да канца, не паднялі. А ён здолеў. Леанід у дзяцінстве нічога ня ведаў пра рэпрэсіі. Паступіў у радыётэхнічны інстытут, вывучыўся на інжынэра і ўжо ў даволі сталым узросьце пераключыўся на дасьледніцкую дзейнасьць. Ягоны ўнёсак у высьвятленьне праўды пра рэпрэсіі вельмі значны. І каб такіх неабыякавых людзей было больш, магчыма, жылі б мы ў зусім іншым грамадзтве».

Ахвяраваньні на помнік Леаніду Маракову можна пералічыць на разьліковы рахунак у «МТБанку» 5351 0410 8976 2734.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG