Амэрыканскі ПЭН-цэнтар запатрабаваў ад прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна неадкладна вызваліць украінскага рэжысэра Алега Сянцова, незаконна асуджанага ў Расеі. Копія ліста накіравана таксама кіраўніку Міжнароднай фэдэрацыі футболу (FIFA) Джані Інфантына. Пра гэта паведаміў у «Фэйсбуку» расейскі журналіст Сяргей Пархоменка.
Урады шмат якіх краін і праваабарончыя арганізацыі лічаць абвінавачваньні ў адрас Сянцова палітычна матываванымі, а саму справу сфабрыкаванай у адказ на рэзкае непрыманьне ўкраінскім рэжысэрам анэксіі Крыму Расеяй, гаворыцца ў лісьце.
Цяпер Расея рыхтуецца да правядзеньня чэмпіянату сьвету ў футболе. У наступныя тыдні ўвага ўсяго сьвету будзе засяроджаная на гэтай падзеі ў краіне. Кампанія ў падтрымку Сянцова будзе прыцягваць увагу да несправядлівасьці ўтрыманьня ў зьняволеньні яго і дзясяткаў іншых палітычных вязьняў у Расеі, адзначаецца ў лісьце. Яго аўтары заклікаюць прэзыдэнта Пуціна «зрабіць магутную заяву, вызваліўшы Сянцова неадкладна і безумоўна. Ад гэтага будзе залежаць яго жыцьцё».
Подпісы пад лістом паставілі ўжо 58 чалавек, у тым ліку два нобэлеўскія ляўрэаты ў літаратуры — Джон Кутсіе і Герта Мюлер. Пісьменьнікі Сальман Рушдзі, Джонатан Франзэн, Іен Мак’юэн, Маргарэт Этвуд, Пол Остэр, сьпявачка Паці Сьміт, кампазытар Стывэн Сондхайм, журналістка Крыстыянэ Аманпур ды іншыя.
Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў быў затрыманы ў анэксаваным Крыме ў 2014 годзе. У жніўні 2015 году расейскі суд прызнаў яго вінаватым у падрыхтоўцы тэрактаў на паўвостраве і асудзіў на 20 гадоў турмы. Сянцоў адбывае пакараньне ў калёніі строгага рэжыму ў горадзе Лабытнангі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. 14 траўня ён абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў у Расеі.