Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра Сянцова: «Алегу ўліваюць літар глюкозы штодня»


Акцыя ў падтрымку Алега Сянцова ў Кіеве, 2 чэрвеня 2018
Акцыя ў падтрымку Алега Сянцова ў Кіеве, 2 чэрвеня 2018

Украінскаму рэжысэру Алегу Сянцову, які галадае ў калёніі ў Расеі, штодня ўліваюць літар глюкозы, паведаміла яго сястра Натальля Каплан пасьля акцыі ў падтрымку рэжысэра 2 чэрвеня ў Кіеве.

«Ён бледны, губляе зубы, губляе валасы. Я думаю, што больш падрабязная інфармацыя ў нас будзе заўтра, калі яго наведае адвакат. Вядома, што яму ўліваюць літар глюкозы штодня», — сказала яна.

У розных краінах сьвету 1 і 2 чэрвеня праходзяць акцыі ў падтрымку Сянцова, які абвясьціў галадоўку ў калёніі № 8 у расейскім горадзе Лабытнангі (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга Расеі). 2 чэрвеня Сянцоў галадае ўжо 20-ы дзень. Такі пратэст ён абвясьціў 14 траўня з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах.


#SaveOlegSentsov. У сьвеце другі дзень праходзяць акцыі ў падтрымку Сянцова

29 траўня адвакат асуджанага паведаміў, што стан Сянцова стабільны, ён атрымлівае тэрапію падтрымкі. Аб падрабязнасьцях тэрапіі ў калёніі не паведамлялі. Адвакат мае намер іх высьветліць падчас візыту да Сянцова 4 чэрвеня.

31 траўня стала вядома, што крымчанін Аляксандар Кольчанка, які адбывае тэрмін у папраўчай калёніі ў расейскім Капейску (Чалябінская вобласьць Расеі) па той жа справе, што і Сянцоў, абвясьціў галадоўку на знак салідарнасьці з рэжысэрам.

Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанку затрымалі прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў у анэксаваным Крыме ў траўні 2014 году. Іх абвінавацілі ў арганізацыі тэрактаў на паўвысьпе і засудзілі Сянцова на 20, а Кольчанку на 10 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG