Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горват выдаліў Facebook-старонку, зь якой пачалося «Радзіва Прудок»


Андрусь Горват, архіўнае фота
Андрусь Горват, архіўнае фота

Пісьменьнік Андрусь Горват вырашыў завесьці новую старонку на Facebook, дзе «будуць толькі сябры» і ня будзе «фрэндаў, фанатаў, ворагаў, журналістаў, публічных заяваў і літаратурнай валтузьні».

Аб гэтым Андрусь Горват расказаў на «старой» — і ўжо выдаленай — старонцы ўвечары 5 чэрвеня. «Каго люблю, да таго вярнуся», паабяцаў ён.

Андрусь Горват на сустрэчы з чытачамі ў Горадні
Андрусь Горват на сустрэчы з чытачамі ў Горадні

«Доўга сумняваўся, таму што фрэнды і лайкі — гэта сацыяльны капітал, хуткі спосаб рашыць амаль любую праблему, — напісаў Горват. — І ня толькі маю. Ну і — прадаваць кнігі. Выпадкова я змог пабудаваць паралельны сьвет, які працаваў лепей за рэальны. Але цяпер мне гэта не прыносіць кайф, як і цягнуць за сабой мех зь ценямі».

Пісьменьнік кажа, што любіць цішыню, якой яму бракуе, а «цішыня — гэта калі на сьпінах ляжаць дохлыя мухі, сонца расьсейваецца празь нямытую шыбу, куст палыну зьвісае са столі, у ім жывуць павукі».

«Адзінота – гэта мой выбар». Андрусь Горват пра Парыж, адчуваньне дому і «Даліну анёлаў»

Менавіта праз «старую» Facebook-старонку Горват публікаваў аповеды пра жыцьцё ў Прудку Калінкавіцкага раёну, куды зьехаў зь Менску. Ягоныя пасты атрымлівалі шмат лайкаў і перапостаў, чытачы адзначалі незвычайны стыль аўтара — урэшце ён вырашыў выдаць кнігу пра жыцьцё ў вёсцы, якое назваў «Радзіва Прудок». Чытачы скінуліся на выданьне праз інтэрнэт.

За кнігу Горват атрымаў прэміі «Дэбют» і «Залатая літара». Паводле яе зьнялі кароткамэтражны фільм і паставілі спэктакаль у Купалаўскім тэатры. Іронія апошняй падзеі ў тым, што Горват да ад’езду ў Прудок працаваў у Купалаўскім дворнікам. Цяпер Горват піша новую кнігу.

На Facebook-старонцы Горват пісаў ня толькі пра Прудок. Адзін зь яго пастоў быў адкрытым лістом Аляксандру Лукашэнку. Паста цяпер няма, але навіна пра ліст Горвата Лукашэнку была адной з самых чытаных на сайце Свабоды ў 2017 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG