Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горват: археалёгія ў маскхалаце


Андрусь Горват
Андрусь Горват

Андрусь Горват, «Радзіва Прудок. Дзёньнік»; Медысонт 2016.

Асноўнаю адзнакай фэномэну Горвата я бы назваў шматвэктарнасьць — ня ведаю, ці магчыма напісаць гэтае слова бязь зьедлівай інтанацыі, але тут яе сапраўды няма.

У згаданым фэномэне сутыкаюцца вельмі розныя пласты нашае рэчаіснасьці — як эстэтычныя, так і сацыялягічныя, калі браць стары падзел літаратуразнаўчае навукі. Найперш непазьбежна ўзьнікае праблема цэнтру і пэрыфэрыі (ускраіны, правінцыі, рэгіянальнасьці — якое слова ні наклацай на клявіятуры, усё роўна нейкі чытач вычытае ўнутры цябе грэблівасьць, і паспрабуй, зноў жа, давесьці адваротнае). Літаратурнае поле ма(г)нэтызуе збольшага менскае асяродзьдзе, усе астатнія 200 тысяч квадратных кілямэтраў вымушаныя нібыта марнець ва ўласных комплексах і дэградаваць, няхай і назавеш дзясятак прозьвішчаў, што разбураюць стэрэатып. У той жа самы час Менск, з выразам стомы на твары, пастаянна прагне «іншага». Часам гэта будуць палявыя досьледы трэш-культуры, часам — заглыбленьне ў бёрдвотчынг, архітэктуру і падводнае паляваньне.

Менск, з выразам стомы на твары, пастаянна прагне «іншага».

Тут ёсьць менская гарадзкая пыха, адначасна спалучаная з жывой зацікаўленасьцю няменскім жыцьцём. Пасьля адыходу клясыкаў вясковай прозы ў прынцыпе ня стала каму распавядаць штосьці пра безасфальтавае сена. Дарэчы, гэта можа быць і ня сена, а, скажам, Гомель ці скарынкінская Смаргонь — а як там наагул? Як яно? Хто скажа? Толькі відавочца. Адпаведна, у сталічнага спажыўца ўзьнікае неілюзорны голад на падобную інфармацыю, фармуецца мэтавая аўдыторыя з попытам у кішэні. Андрусь Горват задавальняе гэты сэгмэнт чытацкай аўдыторыі найвыдатнейшым чынам, бо ягоная кніга — гісторыя менчука з каранямі «ў глыбі Палесься». То бок у «іншае» зьяжджае менавіта што «Менск», то бок свой, блізкі. З пункту гледжаньня менчукоў гэта рэаліці-шоў ангельца ў Нью-Ёрку, які размаўляе на зразумелай табе мове.

Пахне духмянасьцямі й зялёнай гарбатай, вэганствам, аўтаспынам і дзэнбудызмам.

Яшчэ адна замануха — ва ўсеагульнай празе падарожжаў. Другая па ліку й колкасьці аўдыторыя крыху іншая, але і яна ўключаецца Горватам у сваё поле. Тут крыху пахне духмянасьцямі й зялёнай гарбатай, вэганствам, аўтаспынам і дзэнбудызмам. Плаўна прымыкае да яе аўдыторыя № 3 з роварамі, бародамі і чызкейкамі, якую нельга ні ў якім разе цяперака згадваць, каб не паказацца тэрміналягічным рэтраградам. Працягваючы па ўбываньні, зьяўляецца і аўдыторыя № 4, беларускамоўная, той казаў, правакансэрватыўная, з расповедамі пра покліч крыві, што дапяў нарэшце моладзі, якая, безумоўна, па-ранейшаму патанае ў цемры бездухоўнасьці, рэлятывізму і касмапалітызму, аднак жа, як бачым, мае пазытыўныя выняткі. Тут можна доўжыць нумарацыю, успамінаць лякальны палескі сэпаратызм, ураджэнцаў «Гомельшчыны» наагул, краязнаўцаў, анархаіндывідуалістаў і гэтак далей.

Тут можна доўга разважаць, ці разьлічваў сам аўтар сабраць у сваё поле людзей, якія ў іншых варунках ня здольныя побач адзін з адным адпраўляць першасныя патрэбы. Важна ў прынцыпе толькі тое, што калі праграма пачалася, каля радыёпрымачоў сабралося трошкі больш, чым дафіга народу.
***

Пра самую праграму. Адыдзем ад сацыялёгіі да менш крымінальных страваў — фармальна-эстэтычных.

Хачу папярэдзіць, што фэйсбук Горвата я чытаў крайне нерэгулярна, таму «Радзіва Прудок» успрымаю менавіта як кніжку прозы, з усімі адпаведнымі патрабаваньнямі, заваленымі гарызонтамі чаканьняў і іншымі падобнымі наступствамі. Краем аднаго з вушэй я чуў агульнанацыянальнае абмеркаваньне таго ці іншага горватаўскага допісу. Таму, узяўшы ў рукі кніжку, чакаў пабачыць ледзь не скрыншоты з камэнтарамі, лайкамі, белкамі і стрэлкамі.

Аўтар насамрэч падпускае чытача толькі да пэўнай мяжы

Аднак у выніку працэсуальна-працяглага заглыбленьня ў кнігу перад вачыма ўсё болей лунала трывалае ўражаньне, што прыдумка Марка Цукерберга зьяўляецца для Горвата аўтарскай маскай. Нібыта адкрыты наросхрыст, аўтар насамрэч падпускае чытача толькі да пэўнай мяжы, якую вызначае сам. Я нават ня ўпэўнены ў генэзісе: часам падаецца, што аўтар адразу пісаў і плянаваў менавіта папяровую кнігу, прынамсі быў на яе скіраваны. Адчуваньня пастаяннага онлайну не паўстае, згадкі пра інтэрнэт-фідбэк у тэксьце трапляюцца, але яны вельмі глухія і бляклыя ў параўнаньні з водгукамі на рэальнасьць мастацкую. Кніга рэзануе гарызантальнымі сувязямі: цыклы абразкоў разгортваюцца паступова і мініятуры хутчэй лінкуюцца паміж сабой, чым адсылаюць да якойсьці пазатэкставай інфармацыі ці віртуальнай прасторы.

Апавядальнік надзяе маску і фактычна ня можа яе пазбавіцца, настолькі моцна яна прырастае. Падводная частка айсбэрга, якую ўсю дарогу бачыш трэцім вокам, ня мкнецца з глебы на прастор прабіцца. Гэта, з аднаго боку, спрашчае пэрцэптыўныя альгарытмы шырокім тварожным масам, з другога — апавядальнік змушаны ўвесь час удаваць з сябе «Андрусіка-які-пачаў-з-нуля», хай нават і мае за душою досьвед тэмпэратурнае амплітуды ў некалькі сотняў градусаў.

Апавядальніка праз усю гэтую фантастычную этналінгвістыку вядзе энэргія зьдзіўленьня.

Самая аўта-археалёгія, бясконцы раскоп, праяўлены ва ўспамінах, высаджваньні гарбузоў, рамонце старасьвецкай хаціны, архіўных росшуках, як на маё гледзішча, грунтуецца перадусім на бясчасных штучках — перш за ўсё на лінгвістычнай археалёгіі. Непрыручаныя фразы і словы, якія штодзень падкідаюцца навакольлем, адно за адным фіксуюцца, адрэфлексоўваюцца, урэшце свомеюць і — утвараюць сюжэт. Апавядальніка праз усю гэтую фантастычную этналінгвістыку вядзе энэргія зьдзіўленьня. Акынства? Нон-фікшн? Нелінейны раман? Аўтабіяграфія? Не зусім. Зьдзіўленьне Горвата ня ёсьць рэпартэрскім ці турыстычным. Прыручэньне словаў спалучана з тым самым падводным, непаказаным нікому ільдом. Нулявы кілямэтар Горвата становіцца для яго падабенствам Троі для Генрыха Шлімана, а маска Андрусіка — ня маскай Джыма Кэры, а цытатай зь верша Дылана Томаса.

Нядаўна я чуў рытарычнае пытаньне аднаго з аўтараў школьнага падручніка па беларускай літаратуры, тычылася яно кнігі Горвата: «А што далей?» Хацелася б ведаць. Беларускі бэстсэлер, пры адсутнасьці індустрыі, выявіўся нязвыклым і непрадказальным. З увагі на зьмешчаныя ў кнізе апавяданьні (вельмі, дарэчы, някепскія) можна чакаць ад Горвата лінейнай, скажам так, прозы. Першы ягоны экспірыенс стаў плятынавым ня дзякуючы ёй, але хто ведае — Горват цяпер можа дазволіць сабе ўсё.

Мне асабіста хочацца, каб ён зьмяніў маску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG