Кароль Ярданіі Абдала II накіраваў пасланьне новаму прэм’ер-міністру Амару Разазу, заклікаўшы яго кабінэт перагледзець сыстэму падаткаабкладаньня, якая стала прычынай масавых вулічных акцый пратэсту. Пра гэта паведаміла ў аўторак дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Пэтра.
У аўторак Абдала II даручыў былому эканамісту Сусьветнага банку Амару Разазу сфармаваць новы ўрад і заклікаў правесьці перамовы па выпрацоўцы новага закона аб падаходным падатку, які выклікаў найбуйнейшыя пратэсты за многія гады. Амар Разаз — вучыўся ў Гарвардзкім унівэрсытэце ў ЗША і быў міністрам адукацыі ва ўрадзе, адпраўленым у адстаўку.
Рост цэн і рэформа падаткаабкладаньня прывялі да таго, што на вуліцы Амана і іншых гарадоў Ярданіі за апошні час выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Кароль заявіў, што новы кабінэт павінен разгледзець падатковую сыстэму краіны і неадкладна пачаць дыялёг па праекце закона аб падаходным падатку, супраць якога рашуча выступаюць дэманстранты. Ён сказаў, што ў перамовах павінны ўдзельнічаць палітычныя партыі, прафсаюзы і групы грамадзянскай супольнасьці.