Прэм’ер-міністар Украіны Уладзімер Гройсман заяўляе, што сыдзе з пасады кіраўніка ўрада, калі ў краіне ня створаць антыкарупцыйны суд.
«Я, як прэмʼер-міністар Украіны, прыняў для сябе рашэньне: калі гэты суд, справядлівы, незалежны ня будзе створаны, я складу з сябе паўнамоцтвы прэмʼер-міністра Ўкраіны і падам у адстаўку» — сказаў Гройсман падчас сумеснага брыфінгу з старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэем Парубіем.
Паводле яго слоў, сёньня ён будзе працаваць з дэпутатамі фракцыяў, каб 7 чэрвеня яны падтрымалі ў другім чытаньні праект закону аб Вышэйшым антыкарупцыйным судзе.
Парубій, са свайго боку, выказаў упэўненасьць, што галасаваньне адбудзецца.
1 сакавіка Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала прэзыдэнцкі законапраект № 7440 аб антыкарупцыйным судзе ў першым чытаньні.
21 траўня камітэт Вярхоўнай Рады па пытаньнях прававой палітыкі і правасудзьдзя падрыхтаваў законапраект да другога чытаньня. Цяпер дэпутаты разгледзелі 1272 з 1927 паправак да законапраекту. Разгляд дакумэнта павінны працягнуць на наступным пленарнай тыдні (5-8 чэрвеня).