Сябру Моладзі БНФ з Магілёва Аляксандру Маскалёву пагражаюць адлічэньнем з Сацыяльна-гуманітарнага каледжу. Па словах 18-гадовага хлопца, куратарка курсу ўжо размаўляла зь ім пра пэрспэктывы навучаньня, калі ён застанецца ў шэрагах моладзевай арганізацыі БНФ.
У каледжы «занепакоеныя будучыняй» навучэнца
На гутарку выклікалі і ягоных бацькоў, якім дырэктарка Алена Кравец і яе намесьніца Валянціна Шунаева выказалі «занепакоенасьць будучыняй» навучэнца, зьвязаўшы гэта зь сяброўствам у апазыцыйнай арганізацыі.
Бацькі Аляксандра гутарку з кіраўніцтвам навучальнай установы ўспрымаюць сур’ёзна. Калі зьявіцца жаданьне, кажуць яны, адлічыць сына з каледжу, то прычыну знойдуць. Гэта, паводле іх, дала зразумець дырэктарка навучальнай установы.
«Яна сказала, што выключаць Аляксандра празь ягонае сяброўства ў апазыцыйнай арганізацыі ніхто ня мае права, але калі будуць праблемы з навучаньнем, то гэта ўжо падстава для адлічэньня», — пераказаў словы кіраўніцы каледжу бацька навучэнца Ўладзімер.
«Ня выйдзеш з апазыцыйнай арганізацыі — будуць праблемы»
Аляксандар у каледжы не хаваў, што ўступіў у моладзевую арганізацыю БНФ. На ягонай старонцы ў сацыяльных сетках ён публікаваў матэрыялы пра гэтую арганізацыю. Па яго словах, праблемы пачаліся, калі пра свае палітычныя прыхільнасьці ён сказаў аднаму з выкладчыкаў. Неўзабаве пасьля гэтага ў каледж на гутарку выклікалі бацькоў, не патлумачыўшы, зь якой нагоды. Высьветліць гэта яны папрасілі сына.
«На маё пытаньне, чаму выклікаюць бацькоў, куратарка адказала, што я мушу выйсьці з апазыцыйнай арганізацыі, інакш будуць праблемы і мяне адлічаць з каледжу», — кажа Аляксандар.
Прадстаўніца адміністрацыі: «Была гутарка з бацькамі пра захапленьні і погляды навучэнца. Пра адлічэньне не гаварылі»
Аляксандар — сярод найлепшых навучэнцаў у каледжы. Ён актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці навучальнай установы. Сканчае трэці курс. Вывучае інфарматыку.
Намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Валянціна Шунаева пытаньню аб пагрозе адлічэньня Аляксандра Маскалёва з каледжу зьдзівілася.
«Адкуль зьявілася такая тэма для абмеркаваньня, ды яшчэ пра адлічэньне навучэнца, які вучыцца цудоўна? — сказала яна. — Была толькі гутарка з бацькамі пра тое, чым ён захапляецца і якія ў яго погляды. Я нават гэта не хачу камэнтаваць».
Кастусёву паабяцалі разабрацца ў сытуацыі
Каб прадухіліць адлічэньне Аляксандра, з дырэктаркай навучальнай установы Аленай Кравец 29 траўня сустрэўся старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Па словах партыйца, кіраўніца каледжу запэўніла яго, што разьбярэцца ў сытуацыі і на наступнай сустрэчы паінфармуе яго пра вынікі.
«Я давёў спадарыні Кравец, што сытуацыя з Аляксандрам падрывае аўтарытэт Беларусі ў Балёнскім працэсе», — сказаў Свабодзе Рыгор Кастусёў, як толькі выйшаў з каледжу.
«Таксама сказаў ёй, што паведамлю пра пагрозы адлічэньня навучэнца, сябра моладзі БНФ у Міністэрства адукацыі, бо перасьлед празь ягоныя палітычныя прыхільнасьці недапушчальны. Зразумела, калі будзе прымацца рашэньне аб яго адлічэньні, то зацьвярджаць яго будзе Алена Кравец, і яна ня здолее пратэставаць», — сказаў кіраўнік партыі БНФ.
Аляксандар Маскалёў не зьбіраецца сыходзіць з Моладзі БНФ. Кажа, што Канстытуцыя дае яму права самому вырашаць, да якой арганізацыі далучацца. Дзейнасьць Моладзі БНФ, кажа ён, не парушае беларускага заканадаўства.
«Я больш патрэбен тут». Як моладзь з замежнымі дыплёмамі вяртаецца на радзіму