Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стракатая гісторыя беларуска-аўстрыйскіх дачыненьняў


Дыпляматычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстрыйскай Рэспублікай усталяваныя 5 лютага 1992 г. Ад 1993 году ў Аўстрыі функцыянуе амбасада Беларусі. Адкрыцьцё аўстрыйскай амбасады ў Менску адбылося 9 лютага 2016 г.

У верасьні 1997 году Брусэль увёў першыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, забараніў кантакты на высокім узроўні, любое супрацоўніцтва і тэхнічную дапамогу, апроч «чарнобыльскіх» праектаў. Таксама і МЗС Аўстрыі рэкамэндаваў палітыкам не сустракацца з кіраўніком Беларусі.

Неўязны ў краіны ЭЗ Аляксандар Лукашэнка ў сакавіку 2002 году адпачыў, тым ня менш, на гарналыжным курорце ў аўстрыйскім Тыролі. У Аўстрыю ён трапіў у абыход санкцыяў, якія забаранялі тады Лукашэнку ўяжджаць на тэрыторыю ЭЗ. Гэтую паездку арганізаваў уладальнік сеткі казіно Casinos Austria Леа Вальнэр, які ў той час узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Аўстрыі.

Леа Вальнэр
Леа Вальнэр

Вакол аўстрыйскага адпачынку Лукашэнкі выбухнуў скандал. Выявілася, што тырольскія канікулы Лукашэнкі былі аплочаныя праз «чорную касу» — з сакрэтнага рахунку аўстрыйскага НАК у Raiffeisenbank. Гэты рахунак быў адкрыты з ініцыятывы Вальнэра ў 2001 годзе. Вальнэр заявіў, што дзейнічаў у інтарэсах аўстрыйскай эканомікі. У аўстрыйскай прэсе ўсплылі падрабязнасьці альпійскага адпачынку, якія каштавалі аўстрыйскаму боку каля 200 тысяч эўра. Госьці зь Беларусі скарысталі прыватны авіячартэр зь Вены ў Інсбрук за 30 тысяч эўра. Сярод іншых выдаткаў — вечарынка з папулярным у Аўстрыі DJ Ötzi, гарналыжныя ўрокі, гульня ў казіно і алькагольныя напоі. Адпачынак у Klosterbräu каштаваў 47 тысяч эўра. Журналіст Эрвін Рот перадаў вынікі сваіх дасьледаваньняў у аўстрыйскую пракуратуру.


Эрвін Рот: «Лукашэнка гуляў у казіно»

У жніўні 2012 году крымінальны суд Вены прызнаў лабіста Лукашэнкі, былога генсакратара Аўстрыйскага Алімпійскага камітэту Гайнца Юнгвірта вінаватым у незаконным прысваеньні каля 3,3 млн эўра і прысудзіў яму пяць гадоў пазбаўленьня волі. Сярод шматлікіх эпізодаў фінансавых злачынстваў, якія разглядаліся на судовым працэсе, — адкрыты Алімпійскім камітэтам у банку Raiffeisen патаемны рахунак, зь якога, у прыватнасьці, аплачваўся шыкоўны адпачынак Лукашэнкі і ягонай сьвіты ў Альпах у 2002 годзе. Грошы пералічваў асабіста Юнгвірт, які браў актыўны ўдзел у прыёме дэлегацыі на чале з Лукашэнкам. Яшчэ адзін лабіст Лукашэнкі Леа Вальнэр праходзіў на працэсе як сьведка.

Хайнц Юнгвірт
Хайнц Юнгвірт

Аўстрыйскі бізнэс прыйшоў у Беларусь адразу пасьля адпачынку Лукашэнкі ў 2002 годзе — Raiffeisenbank, Telecom Austria, страхавая компанія Wiener Stadtische, будканцэрн STRABAG ды іншыя. Кампаніям з Аўстрыі належыць апэратар сотавай сувязі ЗП «Велком», аўстрыйцы — акцыянэры «Прыёрбанку» і ААТ «Мотавела». Сыстэму платных дарог у Беларусі зрабіла кампанія Kapsch.

У 2007 годзе ўрад Беларусі праводзіць перамовы зь сябрам праўленьня Raiffeisen Zentralbank Österreich Патрыкам-Джонам Саерсам Батлерам. Мэта — атрымаць да 1 мільярда эўра інвэстыцыяў.

У 2005 годзе ў Беларусь паступіў дэбютны сындыкаваны крэдыт «Райфайзэнбанку». Патрык-Джон Саерс Батлер выказаў задавальненьне працаю банку ў Беларусі. У 2011 «Райфайзэнбанк» купіў пакет акцыяў беларускага «Прыёрбанку». Паводле аб’ёму інвэстыцыяў у Беларусь Аўстрыя набліжаецца да другога месца пасьля Расеі.

Губэрт Горбах
Губэрт Горбах

Лабіраваньнем інтарэсаў шэрагу аўстрыйскіх кампаніяў у Беларусі займаўся былы віцэ-канцлер Аўстрыі Губэрт Горбах. Горбах наведваў Беларусь падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году на запрашэньне кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава ў якасьці назіральніка і «ганаровага госьця». Неўзабаве пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў аўстрыец заявіў, што яны «адпавядалі заходнім стандартам».

4 траўня 2015 году ў Менску Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з фэдэральным міністрам па пытаньнях Эўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Сэбастыянам Курцам. Ён адзначыў некаторае пацяпленьне ў адносінах паміж Беларусьсю і Захадам. Паводле Лукашэнкі, Беларусь кантактавала з Аўстрыяй больш, чым зь іншымі краінамі, Аўстрыя інвэставала ў Беларусь вельмі многае, прыўносячы перадавыя тэхналёгіі.

У верасьні 2015 году Лукашэнка сустрэўся ў Нью-Ёрку з фэдэральным прэзыдэнтам Аўстрыі Гайнцам Фішэрам. І запрасіў яго наведаць Беларусь.

Прэзыдэнт Аўстрыі Гайнц Фішэр
Прэзыдэнт Аўстрыі Гайнц Фішэр

Пасьля выбараў у кастрычніку 2015 году на сустрэчы з прэзыдэнтам Палаты эканомікі Аўстрыі Крыстафам Ляйтлам і першым намесьнікам старшыні Нацыянальнай рады Аўстрыі Карлгайнцам Копфам Лукашэнка прапаноўвае Аўстрыі адгарнуць новую старонку ў адносінах. Лукашэнка кажа, што яшчэ падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну яму падалося, што «Захад неяк разьмеркаваў свае ролі на постсавецкай прасторы, і нам дасталася такая высокатэхналягічная і ў чымсьці падобная да нас Аўстрыя». Паводле Копфа, Аўстрыя традыцыйна грала важную ролю ў наладжваньні кантактаў паміж Беларусьсю і ЭЗ, у здыманьні напружанасьці.


У 2016, выступаючы на адкрыцьці амбасады Аўстрыі ў Беларусі, генэральны сакратар Фэдэральнага міністэрства па пытаньнях Эўропы, інтэграцыі і замежных спраў Міхаэль Лінхарт заявіў: «Аўстрыя выступае за адмену санкцыяў... Мы працуем у дадзеным пытаньні ва ўнісон зь Беларусьсю».

Даўнія сувязі з Аўстрыяй і ў міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея: у 1992—1993 гг. ён праходзіў навучанне ў Дыпляматычнай акадэміі МЗС Аўстрыі. Ягоны сын Віталь некаторы час працаваў у Аўстрыі першым сакратаром амбасады Беларусі.


Аўстрыя зацікаўленая ў кваліфікаванай рабочай сіле зь Беларусі. Таннай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG