28 траўня на 85-м годзе жыцьця памёр беларускі фальклярыст, літаратуразнаўца, літаратар Арсень Ліс. Пра яго ўспамінае паэтка і фальклярыстка Антаніна Хатэнка.
«Арсень Ліс... Чыстае ўвасабленьне тае айчыннае натуры, прыроды й тае ціхае, ледзь прыкметнае, але такой магутнай, неаспрэчнай веры ў свой народ і сваю Краіну, якой не стае пакуль нам усім разам і кожнаму паасобку. Не стае, каб упэўнена пачувацца ТУТ па-гаспадарску — адказна і ўдзячліва. Удзячліва, што дадзены, падораны і Небам і Доляй менавіта гэтая зямля, гэткая гісторыя, гэткі нацыянальны лёс і гэткай красы песьні. А яму, Арсеню Лісу — дасьледніку, пісьменьніку, знаўцу і спавядальніку традыцый — усё відно было ад пачаткаў: кім ёсьць мы ў сьвеце й як жывіць кожны новы парастак моц пераплеценых у глебе каранёў.
Ён узапраўду гаспадарыў — сеяў, даглядаў, зьберагаў і аберагаў набыткі культуры, мысьленьня, змаганьня й ахвярніцтва папярэднікаў, што пакінулі ключ да таемства Радасьці.
Ён узапраўду гаспадарыў — сеяў, даглядаў, зьберагаў і аберагаў набыткі культуры, мысьленьня, змаганьня й ахвярніцтва папярэднікаў
Так-так, мы больш звыклыя да тугі й жальбаваньня. А навукоўцу й творцу Лісу ўдавалася пасьлядоўна і ўцешна вынаходзіць простую й мудрую Радасьць — сярод сялян у экспэдыцыях, у сьцямнелых архіўных стосах папер, у самой хадзе часу. І калі ўжо вызнаваў ён каторую з рэлігій на гэтай плянэце ўзрушэньняў і перамен, то імя тае рэлігіі — Беларусь, адданым вернікам якой ён заставаўся да самага краёчку зямнога пабытаваньня.
Бывала, я адважвалася нават у доўгіх-доўгіх нашых, хоць і рэдкіх, размовах-роздумах нешта аспрэчваць у ягоных ледзь не кананізаваных стасунках з тымі сьвятымі, якія трымаюць, ахоўваюць, мацуюць і ўзвышаюць Храм Беларусі вечнай. Але Арсень Сяргеевіч, пакланяючыся змагарам за ідэалы Волі й Ладу, сам ня кідаўся ў бойкі-калатнечы: ён умеў весьці барацьбу духовую, інтэлектуальную, пазнаваўчую. І ягонае веравызнаньне з імем Беларусь яшчэ паўстане нам усім — сучасьнікам і наступнікам — абаронай і ратункам. Бо ён стварыў, выткаў і аздобіў непаўторны і не зразуметы яшчэ дарэшты, не расчытаны іканастас Краіны, расшыфраваў код нацыянальнай гармоніі. А код аказаўся надзвычай просты, немудрагелісты: радасьць рабіць.
Ён стварыў, выткаў і аздобіў непаўторны і не зразуметы яшчэ дарэшты, не расчытаны іканастас Краіны
Рабіць сваю справу, апрацоўваць сваю дзялку, вырошчваць свой сад, выпешчваць свой сьпеў, шанаваць свой дом, свой род, зводзячы ў Адно продкаў і нашчадкаў. І ўгледзець нарэшце Беларусь не абстрактную, вялікую й слаўную, а Беларусь у людзях, у кожным яе насельніку.
Тое Арсень Ліс і ладаваў — думкамі, кнігамі, досьведам, адкрыцьцямі, узаемінамі зь людзьмі й сьветам — АДНО. Умеючы пачуць і ўбачыць ня толькі вобраз Дзяржавы, а складнікаў яе й стваральнікаў, былых і сёньняшніх. Спачуваючы ім і падзяляючы зь імі страты-нягоды. А гэтую місію, на жаль, немагчыма цяпер нікому ад яго пераняць (хіба распачынаць наноў). Бо ТАКІМ быў толькі адзін чалавек у сьветлым храме Беларусь — Арсень Ліс. Чалавек, які не прылічваў сябе самога ні да місіянэраў, ні да апазыцыянэраў, ні да ахвяр, ні да пераможцаў, а лёгка й сьветла, амаль урачыста й сьвятарна вандраваў у глыбіні нашай этнічнай сьвядомасьці, адшукваючы дыямэнты гонару, годнасьці, мужнасьці й надзвычайнай тонкасьці суладзьдзя Ўсяго з Усім.
Ён не прылічваў сябе самога ні да місіянэраў, ні да апазыцыянэраў, ні да ахвяр, ні да пераможцаў
Ён і сам быў такім — годным, але далікатным, тонкім, чуйным, але харобрым, памкнёным, акрыленым ды прырослым да роднага грунту. І прытым зусім не супярэчлівым, а якраз наадварот — непараўнальна цэльным, мэтанакіраваным і зладжаным і ў навуцы і ў асабовых адносінах і ў радасным верніцкім захапленьні прыгоствам людзей і Краю.
«Вечны вандроўнік» па шляхох-дарогах нацыянальнага сталеньня й станаўленьня, Арсень Ліс, як і адзін з улюбёных ягоных герояў пачатку ХХ стагодзьдзя Язэп Драздовіч, узьняўся ў неўміручасьць, але ўсе фарбы, адценьні, калярыт Заходняй Беларусі, што зьбіраў ён па зярнятку ў куфар нашае супольнае Красы й Адвагі, зоркава сьвецяць Тут і Цяпер. Гэтак ён і жыў, Арсень Ліс, — зь неверагоднай сілай перакананьня: пасьпець Усё зьдзейсьніць Тут і Цяпер. Каб засталося назаўжды.
І яно застаецца. Застаецца нам на памудрэньне.
Арсень Ліс шчасьліва споўніў прызначаную яму ролю. На разьвітаньне я кажу яму шчыра-шчыра, цёпла-цёпла, малітоўна ля брамы ягонага й майго, НАШАГА храму Беларусь: дзякую, дзякую, дзякую».
Вянок памяці. Арсень Ліс, які «будзіў ад сну цэлы народ»
Арсень Ліс захоўваў несавецкую беларускасьць
Арсень Ліс працаваў настаўнікам, рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі. З 1959 году — асьпірант у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1961-га — навуковы супрацоўнік гэтага ж інстытуту. Дасьледаваў традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і пэрыядычны друк Заходняй Беларусі, жыцьцё і дзейнасьць дзеячоў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры. Аўтар дасьледаваньняў пра Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча. У 1970-я гады ўваходзіў у «Акадэмічны асяродак» — нефармальную, перасьледаваную савецкімі спэцслужбамі суполку навукоўцаў — беларускіх патрыётаў.
Разьвітаньне з Арсенем Сяргеевічам Лісам адбудзецца 31 траўня ў мэмарыяльнай залі на вул. Альшэўскага, 12. Час разьвітаньня — 10.00–10.45 (удакладняецца). Пахаваны спадар Арсень будзе ў вёсцы Залесьсе Смаргонскага раёну.