Новы латвійскі закон аб прадухіленьні легалізацыі грошай, здабытых злачынным шляхам, забараніў банкам абслугоўваць «кампаніі-пустышкі» і так званых «рызыкоўных кліентаў» — такімі назвалі нямала расейскіх фірмаў, у тым тым ліку і тыя, хто вёў бізнэс легальна, расказвае «Настоящее время».
Да гэтага часу, тлумачыць эканаміст Юрыс Пуцэ, у асноўным працавала такая схема, калі ствараўся ланцужок зь дзясяткаў нібыта не зьвязаных між сабой кампаніяў у розных краінах, адкрываліся рахункі, на іх за дзень ці два пералічваліся грошы, стваралася імітацыя гаспадарчай дзейнасьці, а ў выніку ў канцы ланцужка ўладальнік зьбіраў грошы як дывідэнды.
Шмат кліентаў наракаюць, што ў барацьбе з адмываньнем грошай закрываюцца рахункі рэальных кампаніяў, але ва ўрадзе Латвіі гэта адмаўляюць.
«Вядома, ёсьць добрыя кампаніі, — разважае фінансавы кансультант Оскарс Цымэрманіс. — Але існуе шмат фірмаў, празь якія сапраўды адмываюцца грошы, і латвійскія банкі іх абслугоўвалі. Цяпер гэты сэгмэнт бізнэсу пачысьцее».
Латвія здабыла нэгатыўную рэпутацыю «расейскай пральні»: толькі ў 2018 годзе з гэтым было зьвязана некалькі скандалаў. Спачатку Міністэрства фінансаў ЗША абвінаваціла трэці найбуйнейшы банк Латвіі ABLV у подкупе чыноўнікаў, адмываньні грошай і нават фінансаваньні вайсковай праграмы Паўночнай Карэі. Затым расейскі прадпрымальнік Грыгорый Гусельнікаў, галоўны акцыянэр латвійскага банку Norvik, заявіў, што ў яго вымагалі хабар, а калі ён адмовіўся, беспадстаўна зрабілі патрабаваньні да банку больш жорсткімі.
Паводле экспэртаў, латвійскія банкі могуць страціць да канца году тры чвэрці замежных укладаў — 4,6 млрд эўра. Сумарна замежныя ўклады ў латвійскіх банках амаль роўныя бюджэту краіны.
Паводле Bloomberg, Эстонія таксама ёсьць «пральняй» з сумнеўнымі фінансавымі апэрацыямі, асноўнай крыніцай якіх ёсьць Расея. Сума грашовых пераводаў праз такія апэрацыі за 2011–2016 гады ацэньваецца ў 13 млрд даляраў.