На 85-м годзе жыцьця памёр беларускі фальклярыст, літаратуразнаўца, літаратар Арсень Ліс. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла гісторык Ніна Стужынская.
Арсень Ліс працаваў настаўнікам, рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі. З 1959 году — асьпірант у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1961 навуковы супрацоўнік гэтага ж інстытуту. Дасьледаваў традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і пэрыядычны друк Заходняй Беларусі, жыцьцё і дзейнасьць дзеячоў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры. Аўтар дасьледаваньняў пра Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча. У 1970-я гады ўваходзіў у «Акадэмічны асяродак» навукоўцаў — беларускіх патрыётаў.