Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея хоча стварыць новыя правілы», — чыноўнік NATO ў Менску


Джэймс Апатурай
Джэймс Апатурай

Што магутнейшае: расейская прапаганда ці расейскія ракеты? Джэймс Апатурай, намесьнік памочніка генэральнага сакратара NATO ў палітычных пытаньнях і палітыцы бясьпекі, наведаў Менск, каб паўдзельнічаць у форуме «Менскі дыялёг». Ён адказаў на некалькі пытаньняў Радыё Свабода.

— Аляксандар Лукашэнка на форуме параўнаў цяперашнюю сытуацыю ў сьвеце з той, што была перад Першай усясьветнай вайной. Вы зь ім згодныя?

— Многія робяць такія параўнаньні. Большасьць параўноўвае гэты пэрыяд з сытуацыяй перад Другой усясьветнай вайной. Калі шчыра, я думаю, што паралелі можна праводзіць, але мы яшчэ ня ў той сытуацыі.

Ёсьць відавочныя рызыкі, якія ўсе мы можам бачыць. І адна зь іх — гэта тое, што Расея пачуваецца акружанай, лічыць, што іншыя краіны нейкім чынам спрабуюць яе дэстабілізаваць.

Мы спрабавалі праз раду «NATO — Расея», праз прапанову супрацы ў проціракетнай абароне, празь іншыя супольныя праекты зрабіць так, каб Расея адчула сябе часткай эўраатлянтычнай структуры бясьпекі. Але цяпер выглядае, што Расея сябе такой ня лічыць, што яна спрабуе стварыць новы, інакшы сьпіс правілаў.

Праблема ў тым, што мы лічым існыя правілы добрымі і для Расеі, і для ўсіх астатніх. Нам трэба іх умацоўваць, адаптаваць пры патрэбе, але не адмаўляцца ад іх.

— Калі Ўладзімір Пуцін хваліцца сваімі новымі ракетамі, ядзернай зброяй, гэта ўспрымаецца ўсур’ёз?

— Мяне вучылі, што Расея — гэта загадка, тайна. Трэба было разглядаць на фатаздымках, хто побач з кім стаіць... Мой досьвед пасьля амаль 30 гадоў у дыпляматыі зусім іншы: Расея кажа дакладна тое, што яна думае. І ператварае гэта ў палітыку ці ў закон. І вельмі часта так робіць. Думаю, мы мусім успрымаць сказанае ў Маскве вельмі сур’ёзна. Штосьці можа быць гіпэрбалізавана, перабольшана. Усе палітыкі так робяць.

— Ці мы ўспрынялі ўсур’ёз словы пра новую сыстэму ўзбраеньня?

— Так, вядома. Мы вельмі пільна за гэтым назіраем, аналізуем з дапамогай нашай уласнай інфармацыі. Вельмі важна, каб Расея не разгортвала сыстэмы ўзбраеньня, якія дэстабілізуюць сытуацыю. Бо гэта парушала б Дамову аб ліквідацыі ракет малой і сярэдняй далёкасьці.

— Якая расейская зброя магутнейшая: ракеты ці прапаганда?

— Ня думаю, што мы можам вымераць, каторая зь іх больш магутная. Але магу сказаць пра новую зьяву, якая выклікае ўсё большы непакой краін NATO. Гэта пастаянная расейская дэзынфармацыя, кібэратакі, спробы аплаціць дзейнасьць унутры нашых краінаў, спробы ўплываць на палітыку ўнутры нашых краінаў. Гэта мадэль паводзінаў, гэта іхная мэта, і яны публічна пра гэта заяўлялі. І, безумоўна, гэтаму наш бок надае пастаянную ўвагу. Мы выпрацуем устойлівасьць да гэтага і пры неабходнасьці будзем мець адказ. Гэта новая і вельмі значная праблема, зь якой мы сутыкаемся.

— Ці была пагроза для эўрапейскай бясьпекі ў правядзеньні сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў? І калі была, то чаму?

— Мы не разглядаем блізкую вайсковую супрацу паміж Расеяй і Беларусьсю як пагрозу для нас. Мы таксама ня бачым у гэтым прычыну не супрацоўнічаць зь Беларусьсю ці з Расеяй.

Мы лічым, што кожная краіна мае выдатныя магчымасьці мець добрыя стасункі з Расеяй і таксама з NATO. І мы не абавязваем аніводную краіну выбіраць.

Я ўжо прыводзіў у прыклад Армэнію, зь якой у нас выдатнае супрацоўніцтва. За мой доўгі тэрмін у NATO я кожнаму з новапрыбылых амбасадараў Армэніі казаў, што мы ніколі ня мелі праблемаў з вашай краінай і не прадбачым іх. Гэтая добрая ілюстрацыя да таго, што мы не падштурхоўваем да спаборніцтва за выбар.

З чым маем праблемы, дык гэта з маштабнымі вайсковымі вучэньнямі. Калі яны досыць раптоўна адбываюцца каля нашых межаў, калі плян гэтых вучэньняў — атакаваць нас, што часта так і ёсьць, тады зразумела, што мы занепакоеныя.

Джэймс Апатурай — намесьнік памочніка генэральнага сакратара NATO ў палітычных пытаньнях і палітыцы бясьпекі. Адмысловы прадстаўнік генэральнага сакратара NATO на Каўказе і Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG