Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У памяць забітага гея Пішчэўскага выдалі «Маніфэст п***ра» і нагадалі пра злачынства рысункамі на асфальце


Абрысы чалавечага цела ў памяць аб забойстве Міхаіла Пішчэўскага ля «месцаў адпачынку ЛГБТ»
Абрысы чалавечага цела ў памяць аб забойстве Міхаіла Пішчэўскага ля «месцаў адпачынку ЛГБТ»
Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота

Чатыры гады таму, 25 траўня 2014 году, каля менскай кавярні «Андэрволд» у выніку канфлікту атрымаў сьмяротную траўму бізнэсовец і гей Міхаіл Пішчэўскі. Ён памёр у кастрычніку таго ж году — забойца тады заставаўся на волі.

Міхаіла Пішчэўскага ўдарыў былы настаўнік фізкультуры Зьміцер Лукашэвіч, які знарок прыйшоў да кавярні, дзе прадстаўнікі ЛГБТ зьбіраліся на вечарыну. Лукашэвіч завітаў туды менавіта для таго, каб абражаць такіх людзей. Ён папрасіў суд «строга яго не караць». Летась забойца Пішчэўскага выйшаў на волю.

Абрысы целаў ля месцаў адпачынку ЛГБТ

Актывісты беларускай ЛГБТ-супольнасьці паведамілі Свабодзе, што на чацьвёртую гадавіну забойства — зранку 25 траўня — яны зладзілі акцыю каля чатырох «дзейных і былых месцаў для адпачынку ЛГБТ-людзей», намалявалі на асфальце сылюэты чалавечых целаў, як часам робяць крыміналісты на месцах забойстваў.

«Акцыя закліканая нагадаць пра тое, што ў Беларусі да гэтага часу не было прынята ніякіх мераў ў справе прадухіленьня злачынстваў на глебе нянавісьці — кожны і кожная можа стаць новай ахвярай гамафобіі і трансфобіі, — пішуць актывісты ў маніфэсьце. — Апошнія заявы міністэрства ўнутраных спраў кажуць яшчэ і аб тым, што абароны, акрамя як ад саміх сябе, ЛГБТ-супольнасьці чакаць няма дзе: дзяржава, замест асуджэньня любой нянавісьці і варожасьці, прапагандуе непрыязнасьць у дачыненьні да ЛГБТ-людзей».

Аўтары маніфэсту згадваюць заяву міністэрства ўнутраных справаў, у якой ананімны аўтар назваў аднаполыя стасункі «падробкай» і заявіў, што «яны ня пройдуць». Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч заявіў наконт той публікацыі, што «не рэагаваць на падобнага кшталту падзеі мы ня маем ніякага права», бо «гэта ўнутраная справа, у тым ліку нашага міністэрства». Пэтыцыя супраць той заявы і «за міліцыю для ўсіх» набрала ўжо больш за 1700 подпісаў.

«Маніфэст п***ра»

У той жа дзень на сайце Delopi.by, прысьвечаным барацьбе зь нянавісьцю да ЛГБТ-людзей у Беларусі, зьявіўся маніфэст пад нецэнзурнай назвай — аўтар называе сябе тым абразьлівым словам, якім называюць геяў. У маніфэсьце аўтар заклікае «расплюшчыць вочы» на сыстэму гвалту і прыгнёту ЛГБТ-людзей у Беларусі.

Міхаіл Пішчэўскі ў лякарні пасьля зьбіцьця
Міхаіл Пішчэўскі ў лякарні пасьля зьбіцьця

«Гетэрасэксісцкая сыстэма зьнішчыла мяне, — заяўляе аўтар „Маніфэсту п***ра“. — Яна прымусіла мяне саромецца і ненавідзець самога сябе. Пад пагрозай гвалту, зьнявагі і рэпрэсіяў я быў вымушаны прыкідвацца, быццам мяне не існуе. Я выцесьнены з грамадзкай і палітычнай прасторы як непажаданы элемэнт.

Усё сваё жыцьцё я іду рука аб руку са страхам, які скоўвае цела і душу, пастаянным адчуваньнем пагрозы і небясьпекі. Гэтая сыстэма прымусіла мяне паверыць у тое, што я нікчэмнасьць. Большую частку свайго сьвядомага жыцьця мне давялося даказваць самому сабе, што я заслугоўваю любові і павагі, што мая чалавечая годнасьць ёсьць такой жа бясспрэчнай канстантай, як і ў іншых людзей».

Гамафоб сустрэўся з геем ці настаўнік фізкультуры — з мулярам-прыватнікам?

Доўгі шлях да талерантнасьці: гамафобія ў беларускім грамадзтве

Аўтар заяўляе, што Пішчэўскі памёр, бо не дазволіў называць сябе словам, вынесеным у назву маніфэсту. Ён разважае: калі б у «гэтым гамафобным сьвеце» не было б настолькі прыніжальна «быць п***рам», Пішчэўскі быў бы жывым, таму вырашае называць тым словам самаго сябе.

***

Беларусь апынулася на 42-м месцы з 49 краінаў Эўропы паводле ўзроўню гамафобіі. Гэта вынікае са штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі ILGA-Europe. Сярод краінаў Эўропы горш, чым у Беларусі, сытуацыя выглядае толькі ў Малдове, Сан-Марына, Расеі, Манака, Турэччыне, Армэніі і Азэрбайджане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG