Мовазнаўца Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Віцебску кнігу «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі», што выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды». Падчас сустрэчы ў «Эўрапейскім клюбе» разам з дасьледнікам прысутныя дзівіліся прыхаванаму багацьцю беларускай мовы і разважалі, як захаваць яе ў сучасных варунках.
Кніга «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» — зборнік нарысаў пра беларускую мову, якія гучалі на хвалях, публікаваліся як тэксты і відэа на сайце Свабоды.
Гэта ўжо другая кніга В. Вячоркі пра самабытнасьць роднай мовы, складзеная паводле матэрыялаў на Радыё Свабода: першая — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — выйшла ў 2016 годзе.
Чаму папулярызацыя беларускай мовы сёньня надзвычай актуальная? Бо мова мае неацэнны патэнцыял самаабароны, у тым ліку ад наступу «рускага міру», лічыць Вінцук Вячорка.
«Вы, напэўна, памятаеце фразу „Не сьмяшыце мае «Іскандэры»“. Яна ўвасабляла рэакцыю пэўных колаў у Расеі на заходнія санкцыі. Дык я мяркую, што наша мова — рэч мацнейшая за якую-хаця зброю. А чаму прыназоўнікі? Дзякуючы ў тым ліку ім наша мова ўнікальная. Часам яны пазначаюць нават цывілізацыйную мяжу з суседзямі», — кажа мовазнаўца.
У гэтым прысутныя на сустрэчы маглі тут жа пераканацца. У прыкладах, падрыхтаваных Вячоркам, было мноства ўнікальных словаў і выразаў — ня толькі прыназоўнікаў. Словы жменя і шуфляда, клямка і муляць, тудою і сюдою, капец і гамон ужываюць без згрызотаў і расейскамоўныя беларусы, бо іх цяжка, а часам і немагчыма дакладна перакласьці на расейскую. Дый ці варта губляць на гэта час, калі кожны мае магчымасьць проста загаварыць па-беларуску замест таго, каб практыкавацца ў мове суседняй дзяржавы.
На жаль, сыстэма адукацыі ў краіне не спрыяе гэтаму. Наадварот. Вячорка нагадаў вынікі апошняга перапісу насельніцтва ў Віцебску: нечуваны спад колькасьці тых, хто назваў беларускую мову роднай і пагатоў штодзённай гутарковай. Але нават паводле гэтых лічбаў трэць віцяблянаў лічыць беларускую мову роднай, а 55% ёю валодае. Г. зн. прынамсі трэць, калі не палова, дзіцячых садкоў і школ у горадзе мусілі б быць беларускімі. Гэтага няма і блізка. Прысутныя на сустрэчы канстатавалі, што дзяржаўныя ўлады, у тым ліку ў Віцебску, не імкнуцца да сыстэмнага выкарыстаньня мовы тытульнай нацыі ў розных сфэрах. Але папулярнасьць недзяржаўных ініцыятываў дзеля пашырэньня беларускае мовы сьведчыць, што людзі цікавяцца ёю, цікавяцца лексычным багацьцем і паходжаньнем беларускіх словаў і выразаў. Шмат хто хоча, каб родная мова і надалей была найважнейшаю праяваю нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Прыкладам жывога інтарэсу да моўных пытаньняў стала дыскусія, як усё ж слушна называць жыхароў Віцебску: «віцябляне» або «віцябчане». Ганаровы старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ Ёсіф Навумчык падзяліўся эксклюзіўным успамінам пра тое, як зьявіўся апошні варыянт.
«У 1974 годзе Віцебск рыхтаваўся да сьвята 1000-годзьдзя гораду. І на вочы гарадзкому кіраўніцтву трапіўся плякат са словамі „Віцябляне! Рыхтуйцеся годным чынам сустрэць...“, а далей пра юбілейную дату. Дакладна тэкст я ня памятаю, але камусьці разанула вока слова „віцябляне“. Маўляў, трэба, каб было „віцябчане“ — на ўзор „мінчане“, „палачане“ і гэтак далей. Наватвор даслалі ў матэрыялах да прамовы, якую рыхтавалі для Пятра Машэрава, і ў выніку слова „віцябчане“ прагучала з самай высокай трыбуны БССР», — прыгадаў спадар Навумчык.
Вінцук Вячорка патлумачыў, што ў гэтым выпадку ўтварыць слова «на ўзор» было праявай непісьменнасьці. Ён расказаў, што — такая моўная іронія гісторыі — у старабеларускай палемічнай літаратуры слова «віцябшчане» было рэлігійным тэрмінам і абазначала... пратэстантаў. Ня мае форма «витебчане» грунту і ў расейскай мове. А вось віцябляне — гэта фанэтычна абгунтаваная старадаўняя беларуская назва, утвораная паводле той самай мадэлі, што і рымляне, ці біблійныя філістымляне, ці свойскія тураўляне.