Уладкоўваючы тэрыторыю побач з Калоскай царквой, будаўнікі без дазволу на працы ў ахоўнай зоне зьнішчылі культурны пласт у месцах, дзе раней ніколі не капалі археолягі.
Пасьля рэканструкцыі драўлянай часткі Калоскай царквы тут працягваюцца працы па аднаўленьні дрэнажнай сыстэмы, мяняюць брук на пляцоўцы перад царквой, праводзяць электрычныя кабелі падсьвятляць храм.
«Нас выклікалі ўжо запозна...»
Працы каля Каложы працягваюцца, але храм дзейнічае, і сюды прыходзяць групы турыстаў. Археоляг з Акадэміі навук Вадзім Шадыра з лапаткай разварочвае зямлю ў пошуках артэфактаў.
Паводле яго, усё выглядае даволі сумна, бо раскапаныя побач з Каложай траншэі — гэта праца не археолягаў, а будаўнікоў. Маўляў, яны спачатку ўсё раскапалі, а потым заключылі дамову з Інстытутам гісторыі на правядзеньне археалягічных дасьледаваньняў у ахоўнай зоне, што ёсьць грубым парушэньнем заканадаўства.
«Мы павінны былі праглядаць увесь грунт, шукаць артэфакты, зрабіць зачыстку, зафіксаваць профілі сьценак, высьветліць магутнасьць культурнага пласта. А ў выніку зафіксавалі выкапаную траншэю і груду касьцей, якія склалі будаўнікі», — кажа Шадыра.
Паводле навукоўца, асабліва шмат было страчана ад усходняй часткі сьцяны храма, бо ў гэтым месцы яшчэ ніхто з археолягаў раней не капаў. Ён кажа, што абавязкова будзе інфармаваць кіраўніцтва Інстытуту гісторыі пра парушэньні пры раскопках. Паводле яго, будаўнікі вымушаныя былі заключыць дамову з археолягамі толькі пасьля таго, як выявілі пахаваньні людзей.
«Усяго выяўлена 9 пахаваньняў мужчын рознага ўзросту і дзяцей», — кажа Шадыра.
І тут жа дадае, што калі б раскопкамі займаліся археолягі, то абавязкова выявілі б нейкія рэчы, зьвязаныя з пахаваньнем — такіх, як крыжыкі, манэты і падобнае, што дало б магчымасьць датаваць пахаваньне.
«На мой погляд, гэта самае сьвятое і самае каштоўнае месца ў Горадні, — заўважае Шадыра. — Гэта храм ХІІ стагодзьдзя, і тут кожную лапінку зямлі трэба берагчы, а не раскопваць экскаватарамі...» — кажа археоляг.
«Я ўжо не антрапалёгіяй займаўся, а проста канстатаваў факт...»
Антраполяг Мікалай Памазанаў, які працаваў са знойдзенымі парэшткамі побач з Каложай, таксама дадае, што з боку будаўнікоў было парушана заканадаўства, бо, знайшоўшы чалавечыя парэшткі, яны павінны былі адразу спыніць працы.
«Так, выклікалі судмэдэкспэртаў, але навошта было праводзіць працы далей? Я калі прыехаў, то проста пабачыў складзеныя чалавечыя чарапы і косьці на паддоне», — кажа ён.
Паводле Памазанава, калі раскопкі праводзяцца па правілах, то па сэрыі чарапоў можна было б вызначыць антрапалягічны тып, а так інфармацыя зьнікла.
«Я практычна не антрапалёгіяй ужо займаўся, а толькі канстатаваў, што перада мной рэшткі людзей невядомай эпохі. Гэта абурае, але пытаньні трэба задаваць адказным людзям», — кажа навуковец.
Што можна было б даведацца, правёўшы падрабязныя антрапалягічныя дасьледаваньні?
Спадар Памазанаў кажа, што чалавечыя парэшткі побач з Каложай — гэта выключна цікавыя знаходкі. Паводле яго, пры наяўнасьці сродкаў можна было б многае зь імі зрабіць. Сярод знойдзеных парэшткаў каля Каложы няма жаночых. Гэта можа сьведчыць, што побач быў мужчынскі манастыр.
«А вось, да прыкладу, па чэрапе можна зрабіць рэканструкцыю зьнешнасьці чалавека. Такія прыклады ёсьць у Горадзенскім музэі. Можна ўзяць пробы на ДНК, вызначыць, чым яны хварэлі, а таксама правесьці вымяральную праграму для вызначэньня антрапалягічнага складу насельніцтва, якое тады жыло на гэтых землях», — кажа антраполяг.
Праўда, ён дадае, што сродкаў на такія дасьледаваньні ніхто не выдзяляе. Ён згадвае легенду, паводле якой побач з Каложай пахавалі Давыда Гарадзенскага, і задаецца пытаньнем — ці няма сярод знойдзеных парэшткаў і ягоных?
Заказчык працаў парушэньні не камэнтуе
Свабода спыталася ў заказчыка працаў па рэстаўрацыі Каложы — Упраўленьня па капітальным будаўніцтве Горадзенскага аблвыканкаму, зь якой прычыны было парушана заканадаўства падчас рэканструкцыі помніка гісторыі ў ахоўнай зоне.
Намесьнік старшыні ўпраўленьня Сяргей Царук адмовіўся адказваць на пытаньні Свабоды.