Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калоскай царкве ХІІ стагодзьдзя замянілі драўляную сьцяну. І гэта толькі першы этап рамонту


Каложа пасьля капітальнага рамонту драўлянай часткі храма
Каложа пасьля капітальнага рамонту драўлянай часткі храма

Драўляную сьцяну, якая была ў аварыйным стане, аднавілі. Будаўнікі чакаюць праекту, каб замяніць падлогу алтара і перарабіць балькон для хору.

«Спадзяёмся, што новая сьцяна Каложы сто гадоў прастаіць...»

Уладзімер Чыліч, галоўны інжынэр дрэваапрацоўчай вытворчасьці арганізацыі «Гроднажылбуд», якая займаецца капітальным рамонтам Калоскай царквы, з гонарам паказвае, што новая сьцяна храма выкананая з самага лепшага матэрыялу, які толькі ёсьць у Беларусі.

«Мы прымянілі тэрмамадыфікаваную сасну. Гэты матэрыял амаль не паддаецца ўзьдзеяньню зьнешняга асяродзьдзя. На лінейныя расшырэньні матэрыялу вільгаць амаль ня ўплывае, вельмі ўстойлівы ён і перад сонечнымі промнямі. Вядома, гэта ўсё ж дрэва, і зь цягам часу яно таксама будзе зазнаваць нейкія зьмены. Але гэта зусім ня тое, што было са звычайным дрэвам», — кажа Ўладзімер Чыліч.

А пасьля дадае, што адноўленая сьцяна Каложы як мінімум сто год прастаіць.

Настаяцель Каложы, айцец Аляксандар Балоньнікаў, таксама высока ацаніў працу будаўнікоў.

Другі этап працаў будзе ня менш адказны

Уладзімер Чыліч
Уладзімер Чыліч

Цяпер будаўнікі «Гроднажылбуда», якія задзейнічаныя на працах па рамонце Каложы, чакаюць праекту ўнутраных працаў. Паводле Чыліча, будуць мяняць драўляную падлогу алтара, а таксама перарабляць балькон для хору.

«Падлога ў алтары трохі прыўзьнятая ў параўнаньні з асноўнай, яна драўляная, але відавочна, што не старая. Мы будзем яе мяняць, бо там шмат латак — заменім цалкам згодна з праектам», — кажа Чыліч.

А як будзе выглядаць балькон для хору, інжынэр пакуль ня ведае, бо праект яшчэ распрацоўваецца.

«Рамантаваць такі помнік, як Каложа, нам пад сілу, але вельмі адказна...»

Уладзімер Чыліч кажа, што з рамонтам падобнага аб’екта ягоная арганізацыя сутыкаецца ўпершыню. І адразу дадае, што праца з дрэвам і бэтонам ім добра вядомая. Асаблівасьць у тым, кажа ён, што насамрэч даводзілася па сем разоў адмяраць, каб потым адзін раз адрэзаць.

«Вядома, прысутнічала, як нідзе раней, асьцярожнасьць. І гэтага прытрымліваліся ўсе, нават рабочыя бязь лішніх тлумачэньняў гэта разумелі і ставіліся да працы адпаведна. Ведаеце, прыходзіць вялікае задавальненьне, калі папрацуеш з такім помнікам даўніны і бачыш, што не нашкодзіў яму, а наадварот, дапамог», — кажа Чыліч.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на капітальны рамонт сьцяны зь дзяржаўнага бюджэту выдзелена каля 200 тысяч рублёў.

Шлях да рамонту драўлянай часткі Каложы быў доўгі

Перад пачаткам рамонту драўлянай часткі Каложы шмат гадоў вяліся дыскусіі пра тое, як яе рамантаваць. На гэтую тэму ў Горадні адбылася міжнародная канфэрэнцыя. Паводле навукоўцаў, драўляная частка царквы, якую, па сутнасьці, замянілі будаўнікі «Гроднажылбуда», не адносілася да помніка архітэктуры, і ў такім стане, у якім яна была, яе немагчыма было захаваць.

Паводле айца Аляксандра Балоньнікава, на жаль, усе гады пасьля ўзьвядзеньня драўлянай часткі храма ёю ніхто і ніколі не займаўся. Праўда, у 1896–1906 гадах, калі яна будавалася, ніхто і не называў гэта рэканструкцыяй. Драўляная частка мела на мэце закансэрваваць тыя руіны, якія дайшлі да нас з ХІІ стагодзьдзя. Але яна выпрацавала свой рэсурс і цяпер заменена.

Сучасны праект замены гэтай часткі сьцяны распрацавалі адмыслоўцы «Гроднаграмадзянпраекту», ён прайшоў экспэртызу ў Міністэрстве культуры. Вядома, што напачатку былі прапановы зрабіць мураваную сьцяну. Дарэчы, такі праект рабілі яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя, калі ладзілі драўляную частку храма. Але і ў той час, і цяпер наконт гэтага гучалі і гучаць крытычныя думкі.

Сьвята-Барысаглебская Калоская царква — унікальны помнік старажытнага праваслаўнага дойлідзтва XII стагодзьдзя ў Беларусі і Ўсходняй Эўропе. Мяркуецца, што мураваная царква ў Горадні была ўзьведзеная ў 1140–1170 гадах. Зь сярэдзіны XІХ стагодзьдзя храм разбураўся праз апоўзьні берага Нёману.

Чаму ў Мсьціславе абрынулася сьцяна касьцёла ХVII стагодзьдзя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG