Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Княгіню Вольгу ў Віцебску ўсё ж паставяць. А заадно «віцебскага велікана» і воіна-дэсантніка


Праект помніка княгіні Вользе
Праект помніка княгіні Вользе

Віцебскі гарвыканкам адказаў на пэтыцыю супраць усталяваньня помніка княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск. Чыноўнікі напісалі, што гэты помнік ужо зацьверджаны, і яго ўсталююць праз некалькі месяцаў. Але яшчэ раней у горадзе зьявяцца два помнікі, пра якія няма такога шырокага розгаласу.

Помнік княгіні Вользе стане «помнікам легендзе пра заснаваньне Віцебску»

Як вынікае з адказу на пэтыцыю за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Пятра Падгурскага, чыноўнікі згодныя з тым, што заснаваньне Віцебску княгіняй Вольгай — не гістарычны факт, а легенда. Чыноўнік піша, што «навуковыя дыскусіі аб фактах дзейнасьці княгіні Вольгі адносяцца да кампэтэнцыі гісторыкаў-прафэсіяналаў», але незалежна ад выніку гэтых дыскусій «у адпаведнасьці з артыкулам 119 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, праектная дакумэнтацыя па аб’екце ўзгоднена з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь».

Помнік будзе ўсталяваны каля Летняга амфітэатру
Помнік будзе ўсталяваны каля Летняга амфітэатру

Але складальнікі пэтыцыі зьвярталі зьвярталі ўвагу ня толькі на тое, што княгіня Вольга ня можа лічыцца заснавальніцай Віцебску ў 974-м годзе, бо памерла ў 969-м. Вялося і пра зьнішчэньне расьліннасьці, і пра тое, што зьмяненьне зьнешняга выгляду гістарычнага цэнтру павінна плянавацца з асаблівай асьцярожнасьцю, з абавязковым улікам меркаваньняў мясцовых жыхароў. У пэтыцыі гаварылася і пра «помнікаманію» віцебскіх уладаў, са згоды якіх «горад пакрысе засьмечваецца дзіўнымі скульптурамі».

«Пры правядзеньні будаўнічых работ на аб’екце прадугледжана зьмяненьне зялёнай зоны, а не яе зьнішчэнне», — гаворыцца ў адказе на пэтыцыю. Рэакцыі на іншыя заўвагі ў лісьце з гарвыканкаму няма.

Дзеля помніка зьнішчаць клюмбы
Дзеля помніка зьнішчаць клюмбы

Ідэю ўсталяваць помнік княгіні Вользе аспрэчваюць з 2009-га году

Пра ідэю ўсталяваць помнік княгіні Вользе гараджане даведаліся ў 2009 годзе. Тады Віцебскі гарвыканкам абвясьціў конкурс праектаў адразу трох помнікаў — князю Альгерду, Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе. Меркавалася, што ўсе тры скульптуры мусяць зьявіцца цераз год. Аднак праз адсутнасьць фінансаваньня першы помнік усталявалі толькі ў 2014-м годзе — гэта была скульптурная выява князя Альгерда на колішняй Рынкавай плошчы. Яшчэ праз два гады адкрылі помнік Аляксандру Неўскаму.

Конкурс праектаў (архіўнае фота)
Конкурс праектаў (архіўнае фота)

Постаць княгіні Вольгі і пэрспэктыва яе зьяўленьня ў выглядзе помніка выклікала ці ня самыя гарачыя спрэчкі. Спрэчным для некаторых выглядаў і сам праект-пераможца: скульптара менскага аўтара Ўладзімера Слабодчыкава вельмі нагадвала помнік Лыбедзі ды яе братам Кыю, Шчэку й Харыву ў Кіеве. Таму ў Міністэрстве культуры параілі перамясьціць фігуру Вольгі з носу ў цэнтар ладзьдзі.

Паводле праекту, манумэнт мае быць усталяваным на скрыжаваньні вуліцы Леніна з праспэктам Фрунзэ, недалёка ад амфітэатру. У 2010-м годзе ўжо зрабілі «прымерку» помніка: на абраным месцы на паўдня паставілі фанэрны макет. Але да апошняга часу складальнікі пэтыцыі і яе падпісанты спадзяваліся пераканаць кіраўніцтва гораду адмовіцца ад помніка.

Пра помнік «віцебскаму велікану» жыхароў гораду нават не папярэдзілі

«Мы ўпэўненыя, што нават тыя віцябляне, хто ня супраць, каб у Віцебску зьявіўся чарговы гістарычны помнік, падтрымаюць нас у тым, што цяпер ня час нават думаць пра такія дарагія праекты», — было напісана ў пэтыцыі. Яе складальнікі папракалі гарвыканкам у «помнікаманіі», яшчэ не ведаючы таго, што сёлета гараджан дадатковыя скульптурныя сюрпрызы.

Памятны знак паветрана-дэсантным войскам. Фота з сайту icetrade.by
Памятны знак паветрана-дэсантным войскам. Фота з сайту icetrade.by

Паводле абласной газэты «Витебские вести», з ініцыятывай ўсталяваць у Парку герояў помнік дэсантніку і памятны знак гэтаму роду войскаў выступілі сябры вэтэранскіх арганізацый. Нагодай стала тое, што ў Віцебску разьмешчана 103-я мабільная брыгада ПДВ. Аўтар знака і помніка — скульптар Іван Казак. Прыкладны кошт праекту, у тым ліку аўтарскага ўзнагароджаньня, складае 41 208 рублёў. Было абвешчана, што на скульптуры пойдуць пазабюджэтныя сродкі — паводле інфармацыі tut.by, гэта сродкі, заробленыя падчас чарговых і пазачарговых суботнікаў.

Помнік дэсантніку. Фота з сайту icetrade.by
Помнік дэсантніку. Фота з сайту icetrade.by

Скульптар Іван Казак зьяўляецца аўтарам і яшчэ адной скульптурнай выявы — помніка народжанаму на Віцебшчыне Фёдару Махнову, які лічыцца самым высокім чалавекам у гісторыі. Ягоны рост, паводле некаторых дадзеных, складаў 285 см, і помнік будзе ўяўляць сабой паставу велікана ў натуральную велічыню. Яе зьбіраюцца ўсталяваць на пешаходнай вуліцы Суворава, непадалёк ад ратушы.

Як выглядае гэты помнік, віцяблянам не паказваюць. Іх проста паставяць перад фактам, усталяваўшы скульптуру ўжо гэтым летам. Паводле сайту дзяржаўных закупак icetrade.by, выраб, дастаўка і ўстаноўка помніка «Віцебскі велікан» будзе каштаваць 74 776 рублёў. Іх таксама выдаткуюць «з пазабюджэтных сродкаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG